Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі Кардынал Райнэр Марыя Вёлькі   (ANSA)

Інтэрв'ю кардынала Вёлькі: місія, літургія і сінадальны шлях

Арцыбіскуп Кёльна кардынал Райнэр Марыя Вёлькі ў дзень свайго 70-годдзя заявіў пра важнасць місійнага абнаўлення архідыяцэзіі і пракаментаваў сітуацыю вакол нямецкага сінадальнага шляху.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю выданню "Die Tagespost", прымеркаваным да 70-годдзя іерарха, якое ён адзначае 18 жніўня 2026 года, кардынал Райнэр Марыя Вёлькі прадставіў новыя праекты.

Кёльнская архідыяцэзія разглядае магчымасць стварэння цэнтра місійнага развіцця. "Мы не можам пагадзіцца з тым, што нас становіцца ўсё менш", - заявіў іерарх. Ён дадаў, што мэтай існавання Касцёла з'яўляецца евангелізацыя, таму рост – неад'емная частка яго глыбіннай сутнасці. Гэта новая ініцыятыва будзе арыентавацца з "Gregory Centre for Church Multiplication (CCX)" у Лондане. Мэта ініцыятывы – практычная і тэалагічная падтрымка як новых, так і дзеючых парафій.

Арцыбіскуп падкрэсліў неабходнасць рэалізацыі ідэі вучняў-місіянераў, пра якую нагадвалі Павел VI, Францішак і цяперашні Папа Леў XIV. "Часам лягчэй дадаць нешта новае і вызначыць крытэрыі, паводле якіх павінна фарміравацца жыццё супольнасці", - адзначыў іерарх.

У размове кардынал падкрэсліў важнасць літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабора. Кажучы пра суіснаванне розных абрадаў, ён дадаў: "Я не хачу супрацьпастаўляць адно другому". Іерарх звярнуў увагу на тое, што парушэнні падчас цэлебрацыі здараюцца не толькі ў рэфармаванай літургіі. На яго думку, ключавое значэнне мае "ars celebrandi" – спосаб цэлебрацыі. "Novus Ordo Missae мае прыгажосць і годнасць, якія нічым не саступаюць трыдэнцкаму рыту", - заявіў кардынал Вёлькі.

Арцыбіскуп Кёльнскі рашуча выказаўся наконт нямецкага сінадальнага шляху і патрабаванняў змяніць навучанне Касцёла. Ён прызнаўся, што цяпер чакае ад Святога Айца ўнясення неабходных паправак у вынікі працы ўдзельнікаў гэтай ініцыятывы.

Кардынал з’яўляецца пастырам Кёльнскай архідыяцэзіі з 2014 года, святарскае пасвячэнне ён прыняў у 1985 годзе.
 

18 жніўня 2026, 11:36