Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Кардынал Скола аб рызыцы працэдурнага падыходу да сінадальнасці

Кардынал Анджэла Скола папярэдзіў пра небяспеку ператварэння сінадальнасці ў парламенцкі працэс і падкрэсліў, што яе сапраўднай крыніцай заўсёды застаецца камунія.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Крыніцай сінадальнасці заўсёды застаецца камунія, а не бюракратычная працэдура. Пра гэта заявіў арцыбіскуп-эмерыт Міланскі кардынал Анджэла Скола ў інтэрв'ю прэлату Вілі Валантэ, рэктару Дыяцэзіяльнага калегіума ў Брэганцоне. Размова была апублікавана з нагоды выхаду італамоўнага швейцарскага выдання міжнароднага тэалагічнага часопіса "Communio".

Іерарх пацвердзіў існаванне рызыкі ператварэння сінадальнасці ў парламенцкі працэс. Разам з тым ён адзначыў, што сам метад нельга перакрэсліваць, бо ён адлюстроўвае розныя формы жыцця Касцёла і павінен прапанавацца як прывабная і змястоўная ініцыятыва.

"Крыніцай сінадальнасці з'яўляецца камунія: камунія – гэта крынічная вада, якую сінадальны метад мусіць скіроўваць, каб яна прынесла плёны ў будаванні Касцёла камуніі", - сказаў ён.

На думку кардынала, супольнасць вернікаў мае патрэбу ў большай крэатыўнасці і дынамізме пры вызнанні веры. Ён перасцярог ад пасіўнага хрысціянскага жыцця, якое застаецца вельмі шчодрым на дэкларацыі, але выяўляецца няздатным творча развіваць уласную духоўнасць і дзейнічаць.

Кардынал Скола згадаў і пра вытокі міжнароднага часопіса "Communio", заснаванага ў 1972 годзе Гансам Урсам фон Бальтазарам, Анры дэ Любакам і Ёзэфам Ратцынгерам. Ён адзначыў каштоўнасць асабістага сяброўства і інтэлектуальнага дыялогу з гэтымі выдатнымі тэолагамі. Сёння гэты праект пашыраецца на розныя краіны. Новая італамоўная швейцарская рэдакцыя будзе афіцыйна прэзентавана 23 жніўня 2026 года падчас форуму ў Рыміні.

Вопыт выдання, на думку кардынала Сколы, паказвае, што глыбокая тэалагічная рэфлексія здольная служыць Касцёлу без звядзення яго існавання да звычайных структур і працэдур.

Разважаючы пра спадчыну Другога Ватыканскага Сабора і думку Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XIV, іерарх адзначыў, што сучасны Касцёл перажывае пералом эпох. Менавіта таму неабходна пераадольваць разрыў паміж "я" і "мы", наноў адкрываючы перспектыву Хрыста і касцельнай супольнасці.

Заслужаны іерарх перакананы, сінадальны шлях мае глыбокі сэнс толькі тады, калі ён не зводзіцца да бясконцых камісій і дыскусій, а паўстае з рэальнага духоўнага адзінства.
 

17 жніўня 2026, 11:47