Арцыбіскуп Бялграда пра мір, экуменізм і будучыню Сербіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю агенцтву “Kathpress” арцыбіскуп Бялграда кардынал Ладіслаў Нэмет заявіў, што на фоне нацыяналістычнай напружанасці, вайны ва Украіне і страху перад чужынцамі Еўропа павінна заставацца "супольным домам" для ўсіх сваіх народаў.
Ён звярнуў увагу на тое, што страх можа свядома распальвацца дзеля маніпулявання людзьмі. "Калі мы хочам, каб Еўропу ўспрымалі як хрысціянскі кантынент, мы павінны рашуча супрацьстаяць нацыяналістычнай напружанасці, ксенафобіі і страху перад чужынцамі", - падкрэсліў кардынал.
Паводле Нэмета, мясцовыя Касцёлы Еўропы павінны больш цесна супрацоўнічаць дзеля падтрымкі галоўнай місіі Папы Льва XIV – міру.
У Сербіі католікі, паводле слоў іерарха, застаюцца "падвойнай меншасцю": каля 5 працэнтаў насельніцтва складаюць католікі, 85 працэнтаў – праваслаўныя, а астатнія – мусульмане і прадстаўнікі іншых рэлігій. Каля 75 працэнтаў сербскіх католікаў маюць венгерскае паходжанне.
Пасля вайны адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі значна палепшыліся, асабліва ў дабрачыннай дзейнасці, аднак сумесных набажэнстваў пакуль няма. "Для католікаў першы крок – гэта малітва, каб мы маглі ісці шляхам еднасці. Праваслаўныя ж хочуць маліцца разам тады, калі еднасць Касцёла будзе адноўлена", - растлумачыў кардынал.
Нэмет з энтузіязмам выказаўся за далучэнне Сербіі да Еўрапейскага саюза і нагадаў, што штогод краіну пакідае каля 1 працэнта грамадзян, а 60 тысяч чалавек пераязджаюць менавіта ў краіны Еўрапейскага саюза.
Надзею кардынал выказаў і адносна Венгрыі, дзе, паводле яго слоў, пасля змены ўрада ў сярэдзіне мая 2026 года пачаўся новы дыялог паміж дзяржавай і рэлігійнымі супольнасцямі. "Касцёл не існуе для таго, каб падтрымліваць пэўны ўрад. Гаворка ідзе пра пошук супольных рашэнняў", - адзначыў сербскі іерарх.