Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Брацтву святога Пія X забаранілі набажэнствы ў Лурдзе

Біскуп Жан-Марк Міка забараніў Брацтву святога Пія X цэлебраваць Імшу і ўдзяляць сакрамэнты ў санктуарыі ў Лурдзе пасля несанкцыянаваных біскупскіх пасвячэнняў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Біскуп Тарба і Лурда Жан-Марк Міка адклікаў дазвол Брацтву святога Пія X на цэлебрацыю Імшы і ўдзяленне сакрамэнтаў у санктуарыі ў Лурдзе. Прычынай сталі біскупскія пасвячэнні, якія Брацтва здзейсніла 1 ліпеня 2026 года ў Эконе без дазволу Папы, чым, паводле паведамлення, яго чальцы наклікалі на сябе экскамуніку самім фактам гэтага ўчынку і апынуліся ў расколе.

Напярэдадні запланаванай пілігрымкі Брацтва святога Пія X у Лурд біскуп Міка адзначыў, што біскупскія пасвячэнні стварылі новую сітуацыю ў адносінах гэтай супольнасці з Каталіцкім Касцёлам. Спаслаўшыся на адпаведны дэкрэт Апостальскай Сталіцы, ён падкрэсліў, што не можа дазволіць "цэлебрацыю Святой Імшы, удзяленне іншых сакрамэнтаў і нават публічныя малітвы Брацтва святога Пія X у санктуарыі".

Біскуп выказаў шкадаванне з прычыны наступстваў гэтага рашэння. Чальцы Брацтва могуць і надалей прыходзіць у санктуарый і маліцца там прыватна.

Рашэнне было прынята перад візітам Льва XIV у Францыю, які адбудзецца з 25 па 28 верасня 2026 года. Плануецца, што 27 верасня ў Лурдзе Папа будзе цэлебраваць Імшу пад адкрытым небам.
 

24 жніўня 2026, 10:51