Наступствы землятрусу на востраве Флорэс у Інданезіі Наступствы землятрусу на востраве Флорэс у Інданезіі   (AFP or licensors)

Біскуп Рутэнга: у цемры землятрусу Бог прынясе новы світанак

Касцёл у Інданезіі мабілізаваўся для аказання дапамогі пацярпелым ад землятрусу магнітудай 7,7, які 15 жніўня 2026 года скалынуў востраў Флорэс, забраўшы жыцці прынамсі 53 чалавек.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Біскуп Рутэнга Сіпрыянус Хормат распавёў пра “велізарныя пакуты”, якія прынёс землятрус. Загінулі 53 чалавекі, каля 5900 бежанцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы, больш за 900 будынкаў разбураныя. Паводле яго, “засталіся толькі разбурэнні і руіны, слёзы і глыбокі боль”. Аднак ён заклікаў людзей не губляць надзеі, бо менавіта “ў крохкасці мы можам адчуць прысутнасць Божай ласкі”. Іерарх упэўнены, што Бог прынясе “новы світанак у цемру землятрусу”.

Дапамога Касцёла

Дыяцэзія Рутэнга неадкладна пачала размяркоўваць надзвычайную дапамогу праз парафіі. Для людзей, якія засталіся без жылля, і пацыентаў, эвакуяваных з рэгіянальнай бальніцы, былі арганізаваныя намёты. У сувязі з паўторнымі падземнымі штуршкамі біскуп Хормат распарадзіўся праводзіць святыя Імшы на адкрытым паветры і ў бяспечных месцах, а не ў храмах. Большасць насельніцтва вострава Флорэс складаюць католікі.

Выканаўчы дырэктар “Caritas” Інданезіі Фрэдзі Рантэ Тарук паведаміў, што епіскапат краіны цалкам падтрымаў гуманітарную аперацыю. “Бедства заклікае нас дзейнічаць з хрысціянскай любоўю і салідарнасцю”, - сказаў ён.

Арганізацыя актывавала трэці, аранжавы, узровень рэагавання і накіравала сваіх супрацоўнікаў для ацэнкі шкоды, збору даных і каардынацыі выратавальных дзеянняў. Пункты гуманітарнай дапамогі створаныя ў чатырох найбольш пацярпелых дыяцэзіях: Эндэ, Маўмерэ, Рутэнг і Лабуан-Баджо. Лагістычныя пункты ў Сурабаі і Купангу забяспечваюць дастаўку ахвяраванняў і гуманітарных грузаў на востраў Флорэс з іншых рэгіёнаў Інданезіі. “Адзін Касцёл – адзін адказ”, - рэзюмаваў кіраўнік “Caritas”.

Пашкоджаныя святыні

Асабліва сур’ёзныя пашкоджанні зафіксаваныя ў архідыяцэзіі Эндэ. У Аймерэ абрынуўся касцёл, а парафія ў Аэрама стала часовым прытулкам для эвакуяваных пажылых людзей. У Маўмерэ “Caritas” разам з мясцовымі ўладамі і “Чырвоным крыжам” забяспечвае насельніцтва пітной вадой, ежай і гігіенічнымі cродкамі.

У Рутэнгу значныя пашкоджанні атрымалі больш за 50 касцёлаў, у тым ліку катэдральны сабор. “Caritas” разгарнула тут часовы намётавы лагер для эвакуацыі пацыентаў рэгіянальнага шпіталя ў сувязі з перабоямі ў падачы электраэнергіі.

У Лабуан-Баджо пашкоджаныя каля 150 будынкаў. Сувязь з некаторымі парафіямі па-ранейшаму застаецца складанай.

17 жніўня 2026, 13:01