Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Росіцы прайшлі ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў марыянаў. Увечары 31 ліпеня 2026 года ў санктуарый прыбылі пешыя пілігрымкі з Полацка і Друі, каб ушанаваць подзвіг веры айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, якія разам з вернікамі прынялі мучаніцкую смерць падчас Другой сусветнай вайны. Гэтым жа вечарам адбылася Імша для пілігрымаў, далей у праграме – набажэнствы, канферэнцыя, урачыстая Імша апоўначы, начная працэсія на пляц мучаніцтва, Крыжовы шлях, ранішняя літургія ўсходняга абраду.
У мінскай архікатэдры зладзілі свята для пажылых людзей. 26 ліпеня 2026 года парафіяльны Caritas ужо ў трэці раз сабраў разам людзей сталага веку і валанцёраў для цёплых стасункаў. Пасля Імшы распачалася святочная праграма: для гасцей падрыхтавалі канцэрт, танцы, пачастункі і ўручылі кветкі – акцыю, як і іншыя сацыяльныя праекты Caritas архікатэдральнай парафіі рэалізавалі дзякуючы ахвяраванням вернікаў.
Усебеларускі малітоўны семінар служыцеляў Альфа-курса прайшоў у Навагрудку. 24-26 ліпеня 2026 года на сустрэчу евангелізацыйнага курса з’ехаліся служыцелі з Мінска, Гродна, Ваўкавыска, Дзятлава і самога Навагрудка. Цэнтральнай падзеяй стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ён падкрэсліў, што галоўная мэта курса Альфа – не проста перадаць веды, а дапамагчы чалавеку зрабіць першы свядомы крок насустрач Богу. Пасля літургіі іерарх адказаў на пытанні служыцеляў падчас дыялогу, які быў прысвечаны ролі свецкіх у Касцёле.
Англамоўныя вернікі ў Мінску падзякавалі мансеньёру Кшыштафу Сэроку на заканчэнне яго служэння ў Беларусі. 25 ліпеня 2026 года ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы цэлебравалася святая Імша на англійскай мове, падчас якой мясцовая супольнасць развіталася з сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі. Ён завяршыў сваю дыпламатычную місію ў рэспубліцы і цяпер будзе працаваць у Дзяржаўным сакратарыяце Ватыкана. Супольная малітва на англійскай мове аб’яднала як мясцовых парафіян, так і гасцей, якія выказалі ўдзячнасць святару за яго плённае служэнне ў Беларусі.
У Івянцы адбылася юбілейная Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 27-29 ліпеня 2026 года ў парафіі святога Міхала Арханёла прайшла Х Парафіяда дзяцей і моладзі архідыяцэзіі. У сустрэчы, якая традыцыйна аб’яднала тры часткі – «святыню, тэатр і стадыён», – прынялі ўдзел каля 50 чалавек. У агульным камандным заліку, які ўлічваў дасягненні ва ўсіх дысцыплінах, першае месца заняла Місія Добрага Самараніна, якая дзейнічае ў будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску. Фінальным акордам стала святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.