Касцёл Марыя-вом-Зіге ў Вене Касцёл Марыя-вом-Зіге ў Вене 

У Аўстрыі рыхтуюцца да выбараў у парафіяльныя рады

У Аўстрыі 7 сакавіка 2027 года адбудуцца выбары ў парафіяльныя рады. Напярэдадні кампаніі яе сімвал узнялі на найвышэйшай гары краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

7 сакавіка 2027 года ва ўсёй Аўстрыі пройдуць выбары ў парафіяльныя рады. У Гуркскай дыяцэзіі яны адбудуцца ў 336 каталіцкіх парафіях. Каб звярнуць увагу на будучае галасаванне, група альпіністаў, у якую ўвайшлі біскупскі вікарый Энгельберт Гугенбергер і адказны за парафіяльныя рады дыяцэзіі Макс Фрыц, паднялася на Гросглокнер. На вяршыні найвышэйшай гары Аўстрыі яны ўзнялі плакат з дэвізам выбараў "З табой разам" (Mit.Dir.Gemeinsam).

Парафіяльная рада ў Аўстрыі – гэта орган, у якім святары і свецкія вернікі разам удзельнічаюць у арганізацыі жыцця мясцовай парафіі. Як паведамляе “Kathpress”, напрыклад, у аўстрыйскай федэральнай зямлі Карынтыя ў такіх радах працуе каля 3 тысяч жанчын і мужчын розных пакаленняў. Пры гэтым жанчыны складаюць 53 працэнта, і іх доля працягвае расці. Цяпер усё часцей менавіта жанчыны ўзначальваюць гэтыя рады і адказваюць за гаспадарчыя справы парафій.

Дзве траціны парафіяльнай рады абіраюць вернікі, астатнія ўваходзяць у яе склад на падставе сваёй функцыі – гэта, напрыклад, святары, дыяканы, душпастырскія супрацоўнікі і выкладчыкі рэлігіі.

Асноўнымі кірункамі працы парафіяльных рад з'яўляюцца дабрачыннасць і дапамога бліжнім, развіццё парафіяльнага жыцця, літургія і абвяшчэнне Евангелля.

"Усё, што адбываецца ў парафіях, адбываецца таму, што людзі ў парафіяльнай радзе пра гэта думаюць і плануюць", - сказаў Фрыц. Паводле яго слоў, калі парафія жыве актыўным жыццём, а людзі адчуваюць, што іх прымаюць і ўспрымаюць сур'ёзна, заўсёды знаходзяцца ахвотныя вылучыць сваю кандыдатуру ў парафіяльную раду.
 

25 жніўня 2026, 10:07