Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Біскупы Антылаў: пол – гэта дар Бога, а не выбар

Канферэнцыя Біскупаў Антылаў апублікавала пастырскі ліст пра сексуальную і гендарную ідэнтычнасць, у якім нагадала пра праўду стварэння чалавека мужчынам і жанчынай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерархі Антыльскіх астравоў звярнуліся да вернікаў з пастырскім дакументам, прысвечаным пытанням сексуальнай і гендарнай ідэнтычнасці. Тэкст быў абнародаваны 26 ліпеня 2024 года.

Біскупы падкрэсліваюць, што адкрытасць і павага да кожнага чалавека не могуць весці да адмовы ад абвяшчэння праўды пра мужчыну і жанчыну. Ліст грунтуецца на Святым Пісанні, натуральным праве і вучэнні Касцёла.

Аўтары звяртаюць увагу, што сучасная дыскусія закранае ўжо не проста паводзіны, а саму прыроду чалавека. Тэкст падкрэслівае: "У кантэксце, дзе па-новаму вызначаюць мову, а ідэалогіі прадстаўляюць як праяву спагады, мы мусім абвяшчаць праўду, якае вызваляе, а не абмяжоўвае".

Дар стварэння і межы чалавечай аўтаноміі

Біскупы нагадваюць, што палавая ідэнтычнасць з'яўляецца дарам Бога і вынікае з самага парадку стварэння. Адсылаючы да Кнігі Быцця – "Бог стварыў чалавека на свой вобраз (…) стварыў іх мужчынам і жанчынай", – яны сцвярджаюць, што палавая розніца не залежыць ад самавольнага выбару ці сацыяльных канструкцый.

Іерархі заклікаюць вернікаў супрацьстаяць поглядам, нібыта чалавек – гэта "праект, які сам сябе стварае", адарваны ад біялагічнай рэчаіснасці і маральнага ладу. Такое мысленне аддзяляе асобу ад уласнага цела і падрывае прыродны парадак, устаноўлены Створцам. Касцельныя лідары крытычна ацэньваюць разуменне свабоды як поўнай аўтаноміі ад натуры, бо сапраўдная годнасць вынікае са стварэння паводле Божага вобразу.

Душпастырская спагада і вернасць дактрыне не супярэчаць адна адной

У дакуменце асобна падкрэсліваецца патрэба ставіцца да кожнага чалавека з павагай, спачуваннем і чуллівасцю. Аднак душпастырская адкрытасць не можа азначаць замоўчвання абвешчанай праўды ці адмовы ад абвяшчэння Евангелля.

Іерархі перакананыя, што душпастырская спагада і вернасць дактрыне не супярэчаць адна адной. Пазіцыя біскупаў адпавядае кірунку дэкларацыі "Dignitas infinita", якую ў 2024 годзе апублікавала Дыкастэрыя веравучэння. Адказам Касцёла на сучасныя выклікі павінна стаць паслядоўнае абвяшчэнне хрысціянскай антрапалогіі і нагадванне пра стварэнне чалавека мужчынам і жанчынай.
 

03 жніўня 2026, 10:01