Імша падчас візіту Льва XIV у Камерун Імша падчас візіту Льва XIV у Камерун   (AFP or licensors)

У Танзаніі абмеркавалі межы літургічнай інкультурацыі

Інкультурацыя не павінна ператварацца ў тэатральнае шоу. У Танзаніі завяршыўся ІІ Кангрэс афрыканскіх літургістаў, прысвечаны абароне сакральнасці літургіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Дар-эс-Саламе 2-8 жніўня 2026 года праходзіў ІІ Кангрэс афрыканскіх літургістаў. Галоўнай тэмай стала практыка літургічнай інкультурацыі на кантыненце. Удзельнікі падкрэслілі, што мэта працэсу – не стварэнне новага абраду. Задача заключаецца ў тым, каб дапамагчы вернікам глыбей перажываць Пасхальную таямніцу.

Музыка, спевы і танцы суправаджаюць важныя моманты ў афрыканскай культуры. Аднак мясцовыя традыцыі выразна аддзяляюць свецкае ад сакральнага. Танцы падчас літургіі павінны быць пазбаўлены "любой фалькларызацыі і тэатралізацыі". Яны не могуць быць "ні спектаклем, ні анімацыяй, ні забавай”, так агенцтва “Fides” падсумоўвае высновы прадстаўнікоў афрыканскай тэалогіі.

Літургісты таксама звярнулі ўвагу на касцельную архітэктуру. Без прасторы для малітвы прыгожыя будынкі рызыкуюць стаць толькі "турыстычнымі славутасцямі". Каб кампетэнтна адказваць на гэтыя спецыфічныя выклікі, удзельнікі форуму прапанавалі стварыць афрыканскі інстытут літургікі.

Каардынатар Асацыяцыі афрыканскіх літургістаў айцец-бенедыктынец Аліўе-Мары Сар адзначыў важнасць такой ініцыятывы. Ён патлумачыў, што еўрапейскія цэнтры "не заўсёды падрыхтаваныя да вырашэння разнастайнай літургічнай праблематыкі", характэрнай для Афрыкі.
 

19 жніўня 2026, 10:20