Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Заходні бераг гарыць: айцец Фальтас пра сітуацыю ў Святой Зямлі

Айцец Ібрагім Фальтас з францішканскай Кустодыі Святой Зямлі апісаў сітуацыю на Заходнім беразе ракі Іардан, якая абвастрылася пасля нядаўніх сутыкненняў каля вёскі Тэль, дзе загінулі чатыры палесцінцы і ізраільцянін.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішканін, адказны за працу каталіцкіх школ на тэрыторыі Святой Зямлі, паведаміў “Vatican News”, што ў рэгіёне “ужо ў каторы раз нарастае хваля гвалту, які ніколі не пакідаў гэты край”.

“Гэты гвалт выклікае новыя акты помсты, павялічвае спісы загінулых і маштабы разбурэнняў, звужае перспектывы міру і замыкае розумы ды сэрцы за калючым дротам. Заходні бераг гарыць, сцякае крывёю, крычыць ад болю і пакутаў. Як і Газа, Заходні бераг – гэта тэрыторыя, якая страціла свае вымярэнні і прастору, стаўшы непазнавальнай; гэта зямля, разарваная фізічна і сацыяльна, знявечаная глыбокімі ранамі, абражаная ў сваёй гістарычнай ідэнтычнасці. Кожны куток гэтай зямлі штодня спазнае гвалт і разбурэнне, кожны яе жыхар штодня пакутуе ад нястачы, абмежаванняў, прыніжэнняў, якія паглыбляюцца з кожным днём”, - напісаў святар.

Айцец Фальтас падкрэсліў, што “людзі гінуць у неафіцыйнай, неабвешчанай, але бязлітаснай і ўсюдыіснай вайне”. “Немагчыма ўжо падлічыць спаленыя дамы і палі, немагчыма пераехаць з аднаго горада ў іншы, нават зусім блізкі – ні дзеля тэрміновай медыцынскай дапамогі, ні дзеля працы, ні каб дапамагчы родным альбо абараніць сціплую сямейную маёмасць, якую незаконна захопліваюць нахабныя і гвалтоўныя калоніі. Я атрымліваю незлічоныя просьбы аб дапамозе ў сітуацыях, якія сталі крытычнымі, небяспечнымі і амаль невырашальнымі. Шматлікія блокпасты – іх больш за тысячу – і мабільныя дарожныя перашкоды сталі часткай пейзажу, які калісьці ўвасабляў гісторыю і жыццё палесцінцаў: працу на палях, бяскрайнія аліўкавыя гаі, выпас жывёлы, вялікія і малыя гарады, поўныя гукаў, фарбаў і жыцця”, - падкрэсліў францішканін.

Святар адзначыў, што ізраільскія паселішчы на працягу гадоў “абступалі кожную вёску, кожны знак і кожны сімвал грамадскага жыцця”. “Яны валодаюць прасторай вакол палесцінскага жыцця, але не абдымаюць яго, а душаць. Душаць надзеі моладзі, якая нават не можа ўявіць сваёй будучыні; руйнуюць спадзяванні тых, хто цяжка працаваў, будуючы мінулае і сучаснасць; разбіваюць на кавалкі ўсмешкі і мары дзяцей, якія бачаць сваю зямлю спаленай, сціснутай, пазбаўленай фарбаў”, - напісаў ён.

“Бацькі, якія не могуць адвезці ў бальніцу дзяцей, што патрабуюць неадкладнага агляду; дзеці, якія не могуць дабрацца да састарэлых і хворых бацькоў; главы сем’яў, спыненыя на КПП, з-за чаго не могуць трапіць на працу, – гэта рэальнасць, якая доўжыцца месяцамі і гадамі на Заходнім беразе. Людзі ў роспачы і жаху ад шматлікіх набегаў пасяленцаў, якія беспакарана сеюць страх сярод бедных людзей, што не могуць знайсці сховішча і абароны нават ва ўласным доме”, - сцвердзіў святар.

“Моцныя заклікі Святога Айца спыніць гвалт павінны быць пачутыя тымі, хто яго правакуе, і тымі, хто не ўмешваецца, каб спыніць гэты бясконцы вір. Выбары, абвешчаныя на бліжэйшыя месяцы ў Ізраілі і Палесціне, мусяць прынесці новы баланс і сапраўдную справядлівасць абодвум народам. Надзея на тое, што ход гісторыі можа змяніць свой кірунак, не пакідае тых, хто верыць і давярае свой шлях Пану”, - напісаў айцец Ібрагім Фальтас.
 

29 ліпеня 2026, 13:15