Вернікі аглядаюць пашкоджаны землятрусам касцёл у Каракасе Вернікі аглядаюць пашкоджаны землятрусам касцёл у Каракасе  (AFP or licensors)

Касцёл у Венесуэле: праверка бяспекі храмаў пасля землятрусаў

Архідыяцэзія Каракаса праводзіць дадатковую праверку стану сакральных аб’ектаў пасля двух моцных землетрусаў, якія адбыліся 24 чэрвеня 2026 года і прывялі да вялікай колькасці ахвяр і разбурэнняў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Адной з прыярытэтных задач, пастаўленых перад духавенствам, стала гарантаванне бяспекі вернікаў. Да гэтага часу дзяржаўныя органы правялі толькі павярхоўную праверку стану канструкцый будынкаў, якія належаць Касцёлу, аднак некаторыя з іх атрымалі супярэчлівыя ацэнкі.

У сувязі з гэтым архідыяцэзія Каракаса ініцыявала дадатковую праверку, якая здзяйсняецца адмысловай касцельнай камісіяй па інфраструктуры. На гэты момант яна правяла інспекцыю чатырнаццаці храмаў у горадзе, звяртаючы асаблівую ўвагу на стан калон і бэлек перакрыцця. Кожная святыня, бяспечная для выкарыстання, атрымлівае спецыяльны сертыфікат.

Ва ўсёй архідыяцэзіі пробашчаў папрасілі даслаць падрабязнае апісанне стану сакральных будынкаў, дапоўніць справаздачы фотаздымкамі, а таксама спыніць правядзенне літургічных цэлебрацый у храмах, дзе былі выяўлены пашкоджанні канструкцыі. У такіх выпадках рэкамендавана арганізоўваць набажэнствы на адкрытай прасторы або ў іншых прыдатных памяшканнях.

На пачатку ліпеня касцельныя ўлады Венесуэлы паведамілі, што прынамсі 25 касцёлаў, размешчаных у Каракасе, былі пашкоджаны або разбураны ў выніку землетрусаў. Найбольш пацярпелі ад катаклізму сталічная агламерацыя, а таксама прыбярэжны горад Ла-Гуайра, які знаходзіцца недалёка на поўнач ад Каракаса. На цяперашні момант вядома, што колькасць ахвяр разбурэнняў, выкліканых землятрусам, перавысіла 4,7 тысячы чалавек.
 

15 ліпеня 2026, 10:35