Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Пінску і Мінску памаліліся ў 15-ю гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка. 21 ліпеня 2026 года, калі споўнілася 15 гадоў з дня адыходу ў вечнасць шматгадовага пастыра Пінскай дыяцэзіі, Сведкі веры, у катэдральным касцёле ў Пінску вернікі сабраліся на Імшу за святой памяці кардынала. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Пасля Імшы прысутныя спусціліся ў крыпту катэдры, дзе пахаваны кардынал, і памаліліся за спачылага іерарха. У той жа дзень у Мінску ў катэдральным касцёле цэлебравалі дзве Імшы ў інтэнцыі кардынала, якія ўзначалілі Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
У Смаргоні Апостальскі нунцый сустрэў абраз Маці Міласэрнасці. 17 ліпеня 2026 года парафію святога Арханёла Міхала наведаў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Візіт прадстаўніка Папы супаў з прыбыццём у парафію абраза галоўнай Апякункі Касцёла на Гродзеншчыне, Маці Божай Вастрабрамскай, – абраз здзяйсняе перэгрынацыю па Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды яе 35-годдзя. Нунцый цэлебраваў у парафіяльным касцёле Імшу і прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на ролі Маці Божай у жыцці чалавека.
У Івянцы і Баравікоўшчыне ўшанавалі памяць благаслаўлёных мучанікаў Ахілеса і Германа. 18 і 19 ліпеня 2026 года прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя памяці айцоў-францішканаў, якія ў гады Другой сусветнай вайны прынялі мучаніцкую смерць, благаслаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня. Вернікі вырушылі ў пілігрымку з Івянца ў Баравікоўшчыну да месца мучаніцтва францішканаў. У пілігрымцы ўзялі ўдзел святары, скаўты, парафіяне. На месцы, асвечаным крывёю мучанікаў, была цэлебравана святая Імша, каб падзякаваць Богу за сведчанне веры благаслаўлёных. Падчас урачыстасці вернікі ўшанавалі рэліквіі Ахілеса і Германа, просячы іх заступніцтва перад Богам.
У тракельскім санктуарыі праходзіць конкурс рыбаловаў. 25 ліпеня 2026 года санктуарый Каралевы нашых сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі запрасіў на сяброўскае спаборніцтва, якое пачалося са святой Імшы. Конкурс ладзяць у індывідуальным і камандным заліку. Падвядзенне вынікаў праводзіцца ў намінацыях: самая першая вылаўленая рыба; найвялікшая вылаўленая рыба; максімальная вага і колькасць вылаўленай рыбы.
Свята ў гонар святой Ядвігі адзначылі ў Магілёве. 19 ліпеня 2026 года вернікі ўсіх магілёўскіх парафій сабраліся на Эўхарыстыю ў парафіі святога Казіміра і святой каралевы Ядвігі, каб падзякаваць за атрыманыя ласкі і памаліцца аб заступніцтве святой каралевы. Галоўным цэлебрантам урачыстай літургіі быў айцец Браніслаў Дашкевіч. Пробашч парафіі айцец Раман Шульц распавёў пра сваю мару: у будучыні стварыць у Магілёве санктуарый святой каралевы Ядвігі. Для гэтага рэалізуюцца ініцыятывы па распаўсюджанні яе культу.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, pinskdiocese.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.