Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Пад Гродна ўшаноўваюць памяць Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў ІІ Сусветнай вайны. 18 ліпеня 2026 года ў Навумавічы вырушылі пілігрымы, у тым ліку вернікі гродзенскай парафіі благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай. Увечары на месцы смерці ахвяр вайны запланавана Імша ў памяць аб іх. У навумавіцкім лесе, дзе былі расстраляны нацыстамі больш за 3 тысячы чалавек, штогод моляцца за мір ва ўсім свеце і ўсіх сем'ях – каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай былі здольныя на ўзаемнае служэнне, адданасць і ахвяру.
У Браславе праходзяць Дыяцэзіяльныя дні моладзі. З 17 па 19 ліпеня 2026 года адбываецца сустрэча моладзі Віцебскай дыяцэзіі. У праграме – набажэнствы, воркшопы, канферэнцыі, сведчанні. Галоўнымі спікерамі сустрэчы абраныя ксёндз Алег Хмылко, айцец Аляксандр Жарнасек і ксёндз Яўгеній Шымановіч, якія прамаўляюць канферэнцыі. Моладзь заахвочваюць абнаўляць сваю веру, рабіць крок насустрач Хрысту і ісці за Ім з даверам.
Урачыстасці праходзяць у Гудагаі. 18-19 ліпеня 2026 года ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі свята адбываецца ў 775-годдзе шкаплерных аб’яўленняў і 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Падчас урачыстасцяў моляцца за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды яго 80-годдзя з дня нараджэння і 45-годдзя святарства. А таксама – за біскупа Аляксандра Кашкевіча, які сёлета святкуе 50-годдзе святарства і 35-годдзе біскупства. Праграма ўключае Крыжовы шлях на Кальварыі, начную працэсію са свечкамі, урачыстую адпустовую Імшу.
У Мінску моляцца за ахвяр землятрусу ў Венесуэле. 18 ліпеня 2026 года ў архікатэдральным касцёле цэлебруецца святая Імша аб вечным шчасці для ахвяраў землятрусу, падчас якога загінула больш за 3500 чалавек, а пацярпела амаль 17000. Узначаліць Эўхарыстыю запрасілі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа. Пацвердзіў сваю прысутнасць таксама пасол Венесуэлы ў Беларусі Франклін Рамірэс Араке.
Рэкалекцыі, прысвечаныя распазнанню паклікання, праходзяць у Гродзенскай семінарыі. З 17 па 19 ліпеня 2026 года на духоўныя практыкаванні запрасілі хлопцаў, асабліва міністрантаў. Удзельнікі рэкалекцый маюць магчымасць паразважаць над жыццёвым пакліканнем і адказаць сабе на пытанне, да чаго яго кліча Бог. Сустрэча дазваляе адчуць клімат семінарыйнага жыцця, паразмаўляць са студэнтамі і выхавацелямі, а таксама больш даведацца аб праўдах веры і малітве.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.