Фрэска з выявай святога Аўгустына Фрэска з выявай святога Аўгустына  (©Renáta Sedmáková - stock.adobe.com)

Даследчыкі выявілі два страчаныя казанні святога Аўгустына

У дыяцэзіяльнай бібліятэцы ў Пельпіне, што на поўначы Польшчы, быў адкрыты манускрыпт ХІІ стагоддзя з невядомымі да гэтага казаннямі святога Аўгустына з Гіпоны.

Ян Глінскі

Над выданнем пропаведзяў працуюць даследчыкі з Вюрцбурга і венская каманда Corpus Scriptorum Ecclesiasticorum Latinorum (CSEL). Як паінфармавалі ў Вюрцбургскім універсітэце, выхад публікацыі запланаваны на канец 2026 года.

Тэлефонны званок лаціністу

У 2024 годзе прафесару Крысціяну Торнау, лаціністу Вюрцбургскага ўніверсітэта, патэлефанавалі. Супрацоўнік Асацыяцыі манастыра Бад-Доберан папрасіў яго расшыфраваць рукапіс XII стагоддзя, які першапачаткова належаў абацтву Бад-Доберан і цяпер знаходзіцца ў Пельпліне. Тое, што здавалася простым філалагічным заданнем, аказалася знакавай знаходкай. Рукапіс змяшчае шэсць гамілій, аўтарства якіх прыпісваецца святому Аўгустыну, біскупу і доктару Касцёла.

“Два з шасці казанняў – гэта раней невядомыя творы Аўгустына”, - адзначыў прафесар Торнау. Даследчык рыхтуе іх выданне разам з прафесарам Даратэяй Вэбэр і доктарам Клеменсам Вайдманам з венскай каманды CSEL.

Невядомыя дагэтуль два казанні аб’ядноўвае адна тэма: пытанне і адказ
У новаадкрытых казаннях гучыць старазапаветная гісторыя з Першай кнігі Самуэля. Саўл перад набліжэннем бітвы з філістымлянамі адчуваў сябе пакінутым, таму што Бог не адказваў на яго малітвы. Тады ён вырашае звярнуцца да варажбіткі з Эндора, якая па яго просьбе выклікае меркаваны дух памерлага прарока Самуэля. Дух прарока прадказвае смерць цара ў бітве.

Па словах даследчыка, у тэксце ўздымаецца важнае тэалагічнае пытанне: “Чаму некрамантка можа выклікаць дух прарока? Гэта, у сваю чаргу, адкрывае праблему тэадыцэі: як усемагутны Бог можа гэта дапусціць; ці насамрэч Ён не ўсемагутны?”. Традыцыя прапануе два адказы: гэта можа быць падман варажбіткі або дзеянне Бога, праз якое Саўла папярэдзілі пра смерць.

Стыль, гумар і змест – ва ўсім почырк Аўгустына

Як адзначыў прафесар Торнау, першае казанне было прачытана падчас нядзельнай Імшы і завяршалася пытаннем: як Бог мог дапусціць такую падзею? Толькі ў другім казанні, у наступную сераду, Аўгустын падае магчымыя адказы. Такім чынам, слухачам была дадзена прастора для самастойнага разважання. Паводле слоў прафесара Торнау, такі падыход тыповы для Аўгустына: прадстаўленне магчымых інтэрпрэтацый, устрымліванне ад канчатковых адказаў і запрашэнне вернікаў да роздуму. “Стыль, гумар і змест таксама выразна паказваюць, што казанні ў рукапісах сапраўды былі напісаны Аўгустынам”, - падкрэсліў даследчык.

Аўтэнтычнасць тэкстаў пацвердзілі амаль дваццаць лаціністаў

З прычыны таго, што ў мінулым здараліся ілжывыя прыпісванні тэкстаў аўтарству Аўгустына з Гіпоны, даследчыкі праявілі асцярожнасць. Сапраўднасць казанняў аналізавалася, між іншым, падчас летняй школы ў Вене восенню 2025 года, якую наведалі каля дваццаці лаціністаў. Увыніку тэксты былі прызнаны аўтэнтычнымі.

Гісторыя рукапісу XII стагоддзя

Рэканструкцыя гісторыі перадачы інфармацыі аказалася складанай. Прафесар Торнау мяркуе, што рукапіс XII стагоддзя мог быць заснаваны на ранейшай мадэлі з Амелунгсборнскага абацтва ў Ніжняй Саксоніі. “У старым манастырскім каталогу згадваецца тэкст з такімі ж загалоўкамі і тым жа парадкам зместу, што і ў нашым рукапісе. Ён мог паслужыць мадэллю”, – патлумачыў лацініст.

Па словах даследчыка, цалкам пацвердзіць гэта немагчыма, таму што бібліятэка ў згаданым абацтве згарэла падчас Трыццацігадовай вайны. Гэта адкрыццё нельга параўноўваць з сенсацыйным адкрыццём трыццаці твораў Аўгустына ў Майнцы ў 1990 годзе. Аднак, як падсумаваў прафесар Торнау, мэта заключаецца ў тым, каб дапоўніць велізарную спадчыну біскупа з Гіпоны “яшчэ двума захапляльнымі тэкстамі ў крытычным выданні”.
 

03 ліпеня 2026, 07:53