Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (@Vatican Media)

Анансавана вялікая сустрэча Льва XIV з духавенствам Італіі

Леў XIV сустрэнецца з італьянскім духавенствам 12 снежня 2026 года. Напярэдадні святары збяруцца на малітоўнае чуванне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 снежня 2026 года Папа сустрэнецца з духавенствам Італіі. Супольная праграма распачнецца ў другой палове дня 11 снежня 2026 года з часу для развагі і малітоўнага чування.

Двухдзённая сустрэча прымеркавана да першай гадавіны Апостальскага ліста Пантыфіка "Una fedeltà che genera futuro" ("Вернасць, якая стварае будучыню"). Дакумент быў апублікаваны да 60-годдзя саборных дэкрэтаў "Optatam totius" і "Presbyterorum Ordinis".

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі кардынал Матэа Дзупі ў сваім лісце да біскупаў назваў будучую падзею каштоўнай магчымасцю для супольнасці і братэрства. Ён падкрэсліў важнасць абнаўлення адданасці Хрысту і гатоўнасці служыць Яму ў Касцёле.

"Папа нагадвае нам, што вернасць – гэта не нешта застаялае і не стомленае паўтарэнне, а ласка, якую трэба прыняць, і штодзённы шлях навяртання", - адзначыў іерарх. Ён дадаў, што саборныя дэкрэты дапамагаюць захоўваць святарскае служэнне ў жывой сувязі з Хрыстом, біскупам і Божым народам.

У сваім звароце кардынал Дзупі адзначыў сціплае служэнне святароў, якія штодня абвяшчаюць Слова і цэлебруюць Эўхарыстыю. Побач з гэтым ён прызнаў існаванне стомленасці, адзіноты і цяжару ўзрастаючай адказнасці.

"Мы не хочам хаваць гэтыя цяжкасці, але і не дазволім, каб яны мелі апошняе слова", - падкрэсліў кардынал, заклікаючы да супольнай малітвы і ўзаемападтрымкі. На яго думку, сустрэча з Львом XIV умацуе святароў у веры і надасць новы імпульс іх служэнню. Ён падсумаваў, што ніводны пастыр не павінен заставацца адзін, таму духавенству патрэбна жывое братэрства, якое падтрымлівае вернасць і фарміруе будучыню.
 

30 ліпеня 2026, 09:59