На могілках Лампедузы На могілках Лампедузы 

Арцыбіскуп Палерма: Леў XIV на Лампедузе працягне шлях Францішка

Арцыбіскуп Палерма Карада Ларэфічэ назваў візіт Льва XIV на Лампедузу працягам шляху, пачатага Францыскам у 2013 годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт Папы на Лампедузу, які адбудзецца ў суботу, 4 ліпеня 2026 года, стане нагодай успомніць словы Францішка, сказаныя на гэтым жа востраве 8 ліпеня 2013 года. Пра гэта ў відэапасланні, апублікаваным напярэдадні паездкі Льва XIV, заявіў арцыбіскуп Палерма Карада Ларэфічэ, які ўзначальвае Камісію па міграцыі італьянскага епіскапату.

Мы створаны, каб быць рыбакамі людзей, - нагадвае іерарх, і менавіта гэтая думка, паводле яго слоў, ляжыць у аснове новага візіту. "Там, дзе людзі імкнуцца перасекчы мора або любую мяжу ці мур, узведзены чалавекам, мы не можам не быць прысутнымі як Касцёл", - падкрэсліў Ларэфічэ.

Ён звярнуў увагу на тры пытанні, якія Папа Францішак задаў менавіта на Лампедузе: "Дзе ты, Адам? Дзе твой брат? Хто над ім плакаў?" На думку арцыбіскупа, там, дзе нехта плача і сумуе па паўнаце жыцця, там не можа не быць хрысціянскай супольнасці і вучня Езуса. Ён параўнаў гэты візіт з нядаўняй паездкай Льва XIV у Іспанію, асабліва на Канарскія астравы, дзе Пантыфік таксама ставіў мігрантаў у цэнтр увагі Касцёла.

Наперадзе, паводле слоў пастыра Палерма, - заклік да ўсяго Касцёла працягваць шлях Евангелля. "Папа прыязджае на Лампедузу, каб умацаваць нас у веры, і будзе прасіць увесь Касцёл працягваць шлях Евангелля, каб яно магло дасягнуць як слова жыцця і збаўлення кожнага", - адзначыў ён.

Леў XIV падчас візіту на Лампедузу наведае могілкі і ўскладзе кветкі на магілы тых, хто загінуў у моры, а пасля спыніцца ля "Брамы Еўропы" – помніка ўсім, каго забрала мора па дарозе да новага жыцця. На прычале Мола Фавалора, дзе многія мігранты ўпершыню ступілі на еўрапейскую зямлю, ён паблагаславіць шыльду з імем Папы Францішка. Пасля сустрэчы з мігрантамі Папа ўзначаліць Імшу.
 

03 ліпеня 2026, 10:31