Перу чакае Льва XIV: біскупы рыхтуюцца да магчымага візіту Папы
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Новаабраны прэзідэнт Перу Кейка Фухіморы Ігучы сустрэлася з кіраўніцтвам перуанскага епіскапату і заявіла пра гатоўнасць новага ўрада супрацоўнічаць з Касцёлам у падрыхтоўцы магчымага апостальскага візіту Льва XIV, які можа адбыцца ў лістападзе. Пра гэта паведаміла ватыканскае місіянерскае агенцтва “Fides”.
Кейка Фухіморы, якая атрымала перамогу на выбарах 7 чэрвеня і афіцыйна ўступіць на пасаду 28 ліпеня, выказала надзею, што падарожжа Пантыфіка будзе “маштабным і паспяховым” і дазволіць ахапіць як мага больш людзей.
У той жа час агенцтва “Fides” адзначае, што Апостальская Сталіца пакуль не дала афіцыйнага пацвярджэння гэтага падарожжа і не апублікавала яго праграму.
Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай інфармацыі з Ватыкана, у Перу ўжо разгарнулася падрыхтоўка да візіту Папы. На пачатку чэрвеня біскупы сустракаліся па гэтым пытанні з прэзідэнтам, які завяршае свае паўнамоцтвы, Жазэ Марыя Балькасарам Зеладам. 18 чэрвеня ён наведаў Ватыкан і сустрэўся са Святым Айцом.
Некалькі тыдняў таму мясцовы Касцёл прэзентаваў гімн чаканага візіту – спеў “León, hermano del camino” (Леў – брат на шляху), які напісаў перуанскі музыка Хаймэ Мантоя. Твор стаў пераможцам агульнанацыянальнага конкурсу, арганізаванага дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Перу. Ён быў выбраны амаль з чатырохсот кампазіцый. Запіс спеву ў выкананні хору “Aguchita” быў апублікаваны на афіцыйнай старонцы архідыяцэзіі Лімы ў “Youtube”.
За ўсю гісторыю Перу прымала двух Пантыфікаў: святога Яна Паўла II, які наведаў краіну двойчы — у 1985 і 1988 гадах, а таксама Францішка ў 2018 годзе. Магчымы візіт Льва XIV мае для Перу асаблівае значэнне, бо ён правёў у краіне дваццаць гадоў свайго жыцця, спачатку служачы місіянерам, а пазней – біскупам.