Пакістан: міжрэлігійнае супрацоўніцтва прадухіліла пераслед хрысціян
Ян Глінскі
Інцыдэнт мог прывесці да трагедыі, калі б не хуткая рэакцыя мясцовага ўраду і міжрэлігійнае супрацоўніцтва.
Як патлумачыў у інтэрв’ю ватыканскім СМІ Наім Юсаф Гіл, выканаўчы дырэктар Каталіцкай камісіі па міры і справядлівасці ў Пакістане, хтосьці даслаў апаганеную старонку Святога Карана мясцоваму крамніку разам з фотаздымкамі хрысціяніна Азіма Джаведа і яго маці, якія нібыта здзейснілі апаганьванне. Неўзабаве каля іх дома ў калоніі Казафі ў Карачы сабраўся раз’юшаны натоўп. Па словах Гіла, сітуацыя была ўзята пад кантроль, таму што “ўрад і адміністрацыя прынялі адпаведныя меры і запэўнілі пратэстоўцаў, што паліцыя правядзе дбайнае расследаванне і ўсталюе вінаватых”. У выніку “пратэст быў адменены”.
Умяшанне прадстаўнікоў мясцовай мусульманскай супольнасці, як адзначыў дырэктар каталіцкай місіі, “было сустрэта з вялікім здзіўленнем і ўдзячнасцю”. Гіл не выключае, што гэтая падзея можа паспрыяць “наладжванню добрых адносін паміж супольнасцямі”, хоць “адзін інцыдэнт не можа сведчыць пра павелічэнне павагі да закона”.
“Калі абвінавачванне выстаўлена супраць аднаго чалавека, але абвінавачаны – гэта хрысціянін, цану плаціць уся супольнасць. Аднаўленне даверу супольнасці зойме час”, – патлумачыў дырэктар Каталіцкай камісіі па міры і справядлівасці ў Пакістане.
Наім Юсаф Гіл распавёў, што хуткая рэакцыя была магчыма дзякуючы таму, што ў камісію патэлефанаваў былы супрацоўнік, які аказаўся суседам дадзенай сям’і. Каардынатар камісіі неадкладна звязаўся з мясцовымі ўладамі і духавенствам. Гіл дадаў, што камісія на працягу многіх гадоў “ладзіла семінары па міжканфесійнай згодзе ў рэгіёне” і “наладзіла добрыя кантакты з большасцю супольнасцяў”. На яго думку, эпізод у Карачы пацвярджае вялікае значэнне дыялогу паміж рэлігійнымі супольнасцямі: “Міжканфесійны дыялог мае першараднае значэнне. Ён павінен працягвацца. Ён знішчыць бар’еры”.
Падсумоўваючы, Гіл заклікаў да правядзення адукацыйнай кампаніі, якая праз школы, СМІ і сацыяльныя сеткі навучыць грамадскасць адказна рэагаваць на абвінавачванні ў блюзнерстве, каб прадухіліць эскалацыю гвалту.