Пробашч у Газе: дзякуем Папу за яго блізкасць і малітву
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дні і тыдні мінаюць, але я бачу, што ўмовы застаюцца вельмі цяжкімі”, - пераказаў словы Святога Айца пробашч адзінай каталіцкай парафіі ў Газе. Паводле яго, Леў XIV пастаянна думае пра людзей, якія церпяць у Газе, і моліцца за іх.
“У прыватнасці нам, святарам і ўсім кансэкраваным асобам, ён сказаў: “Дзякуй, што вы застаецеся побач з імі. Няхай Бог дапаможа вам і ўмацуе вас””, - падзяліўся святар у відэароліку, апублікаваным на “YouTube”.
Айцец Раманэлі таксама падзякаваў Льву XIV за заклік, агучаны пасля нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”. Пантыфік зноў заклікаў да спынення войнаў і выказаў сваю блізкасць тым, хто церпіць на Святой Зямлі і ва ўсім Блізкім Усходзе.
“Сітуацыя ў Газе працягвае заставацца катастрафічнай. Святы Айцец не перастае падтрымліваць з намі сувязь і маліцца за нас”, - падкрэсліў аргенцінскі вербіст.
Габрыэль Раманэлі прыехаў на Блізкі Усход яшчэ ў 1995 годзе, будучы семінарыстам. З 2005 года ён служыць у Газе, а з 2019 года з'яўляецца настаяцелем мясцовай каталіцкай супольнасці.
Леў XIV падтрымлівае пастаянны кантакт з парафіяй Святой Сям’і. Як і яго папярэднік, Францішак, ён рэгулярна размаўляе з айцом Раманэлі па тэлефоне, каб даведацца пра сітуацыю мясцовай каталіцкай супольнасці з першых вуснаў і асабіста выказаць ёй падтрымку і ўдзяліць сваё благаслаўленне.