Арцыбіскуп Георг Генсвайн падчас тэлепраграмы, прысвечанай Бэнэдыкту XIV Арцыбіскуп Георг Генсвайн падчас тэлепраграмы, прысвечанай Бэнэдыкту XIV   (ANSA)

Арцыбіскуп Генсвайн: Бэнэдыкт XVI шукаў згоды з Брацтвам Пія X

Арцыбіскуп Георг Генсвайн у інтэрв’ю італьянскай "Corriere della Sera" ацаніў крызіс у адносінах з Брацтвам святога Пія X і літургічныя абмежаванні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У размове з журналістамі апостальскі нунцый у краінах Балтыі падзяліўся думкамі наконт сур’ёзнага напружання вакол Брацтва святога Пія X. Былы асабісты сакратар Бэнэдыкта XIV звярнуў увагу на тое, што менавіта каля алтара сёння не хапае адзінства і міру.

Паводле яго слоў, Бэнэдыкт XVI яшчэ ў 2009 годзе імкнуўся знайсці шлях да прымірэння, але сутыкнуўся з непахіснасцю. "Сёння відаць, што яны яшчэ больш несаступлівыя і больш укаранёныя ў сваіх пазіцыях, чым тады", - падкрэсліў іерарх, гаворачы пра кіраўніцтва Брацтва. Гэтая сітуацыя выклікае глыбокую занепакоенасць.

Арцыбіскуп Генсвайн рэзка пракаментаваў дэкларацыю, зачытаную ў швейцарскім Эконе ў кантэксце пасвячэння чатырох біскупаў без папскага мандата, дзе сцвярджалася, што пасля Другога Ватыканскага Сабора ўлады Касцёла дзейнічалі насуперак веры і святой Традыцыі. Іерарх назваў гэта жахлівым, паколькі такое разуменне не з’яўляецца сапраўднай спадчынай Касцёла.

"Яны спыніліся нa пантыфікаце Пія XII", - заўважыў ватыканскі дыпламат. На яго думку, прадстаўнікі гэтай структуры лічаць усё наступнае толькі ланцугом памылак. Такая пазіцыя нагадвае погляды пратэстантаў мінулых стагоддзяў.

У 2009 годзе Бэнэдыкт XVI у адмысловым лісце адмяніў экскамуніку чатырох біскупаў як айцец, які прагне міру, аднак гэты крок не знайшоў водгуку. Радыкальная фракцыя адкінула працягнутую руку і дагэтуль не жадае спакою, да якога імкнуўся Бэнэдыкт XVI і якога прагне цяперашні Папа Леў XIV.

Пры гэтым арцыбіскуп патлумачыў, што праблема супольнасці не з’яўляецца выключна літургічнай. У якасці прыкладу ён прывёў Брацтва святога Пятра, якое цэлебруе Імшу ў так званым старажытным рымскім абрадзе, але знаходзіцца ў еднасці з Папам і Святым Пасадам. Больш за тое, нават сам арцыбіскуп Марсэль Лефеўр, заснавальнік Брацтва святога Пія X, калісьці падпісаў саборную канстытуцыю "Sacrosanctum Concilium".

На думку арцыбіскупа, большая гнуткасць, шчодрасць і айцоўскі клопат з боку Апостальскай Сталіцы ў пытаннях лацінскай літургіі дапамаглі б вярнуць страчаную раўнавагу. Божая ласка здольная пераадолець любыя падзелы, аднак для гэтага спатрэбіцца час і адвага з боку Рыма.

 

04 ліпеня 2026, 10:48