Пошук

Здымак айца Жака Амеля ў руках удзельніка цэлебрацыі ў 10-ю гадавіну яго смерці Здымак айца Жака Амеля ў руках удзельніка цэлебрацыі ў 10-ю гадавіну яго смерці  (AFP or licensors)

Францыя: дзесяць гадоў з дня забойства айца Жака Амеля

Мінула дзесяць гадоў з дня трагічнай гібелі французскага святара Жака Амеля, чыя мучаніцкая смерць ускалыхнула не толькі яго родную краіну, але і ўвесь хрысціянскі свет.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Раніцай 26 ліпеня 2016 года ў касцёл у мястэчку Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ на поўначы Францыі уварваліся два тэрарысты, звязаныя з групоўкай “Ісламская дзяржава”. Нападнікі ўзялі парафіянаў у закладнікі і жорстка забілі святара – 85-гадовага айца Жака Амеля.

Папа Францішак даведаўся пра трагедыю ў Кракаве, куды прыбыў з нагоды Сусветных дзён моладзі. Пантыфік асудзіў напад, а праз некалькі тыдняў цэлебраваў у Ватыкане святую Імшу аб вечным супакоі для айца Жака, у якой бралі ўдзел родныя загінулага святара і пілігрымы з дыяцэзіі, у якой ён служыў.

Падчас літургіі Папа ахарактарызаваў айца Жака Амеля як добрага, лагоднага чалавека, які заўсёды імкнуўся да братэрства і міру з усімі і быў забіты падчас найсвяцейшага чыну святарскага служэння: цэлебрацыі ахвяры Хрыста. Францішак падкрэсліў, што гэтае забойства было чарговым эпізодам у ланцугу пераследу хрысціян, які адбываецца ў многіх краінах свету. “Ён – мучанік. А мучанікі – благаслаўлёныя”, - сказаў на завяршэнне гаміліі Святы Айцец.

У 2017 годзе ў Руанскай архідыяцэзіі распачаўся працэс беатыфікацыі айца Жака Амеля. Улічваючы вялікае значэнне яго сведчання было зроблена выключэнне з кананічных правіл і дазволена пачаць працэс беатыфікацыі адразу, не чакаючы абавязковага 5-гадовага тэрміну пасля смерці кандыдата. Раней такі прывілей у найноўшай гісторыі атрымлівалі толькі Ян Павел II і Маці Тэрэза з Калькуты.

Падчас дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыйнага працэсу, які працягваўся два гады, быў сабраны багаты матэрыял пра жыццё і цноты айца Жака Амеля. Былі вывучаны больш за 650 тэкстаў, напісаных святаром, апытаны пяць сведкаў яго смерці і каля пяцідзесяці іншых людзей – сваякоў, сяброў, парафіянаў, братоў у святарстве, жыхароў кварталу, у якім ён служыў. У 2019 годзе ўсе дакументы і сведчанні былі перададзены ў ватыканскую Дыкастэрыю па справах кананізацыі.

Памяць пра айца Жака Амеля ўшаноўваецца таксама ў базіліцы святога Барталамея ў Рыме, дзе захоўваюцца рэліквіі новамучанікаў і сведкаў веры. У гэты храм быў перанесены брэвіярый забітага святара.

Злачынства, здзейсненае тэрарыстамі, якія звязвалі сябе з ісламам, не разбурыла міжрэлігійны дыялог у Францыі, а наадварот – дало яму магутны імпульс. Жахлівае забойства выклікала хвалю спачування і асуджэння з боку мусульманскай супольнасці. У Францыю прыбывалі высокапастаўленыя дэлегацыі мусульманскіх лідараў, каб сустрэцца з каталіцкімі біскупамі і выказаць салідарнасць.

Адным з найбольш моцных сведчанняў пасля трагедыі стала гісторыя прымірэння паміж Разэлін Амель, сястрой айца Жака Амеля, і Насэрай Керміш, маці аднаго з яго забойцаў. Сустрэча дзвюх жанчын, якія неслі глыбокі боль, стала шляхам прабачэння, пераадолення нянавісці і прыкладам таго, што нават пасля страшнага зла магчыма прыйсці да міру.

У дзесятую гадавіну смерці айца Жака Амеля ў Францыі прайшоў шэраг памятных мерапрыемстваў, арганізаваных Руанскай архідыяцэзіяй і муніцыпалітэтам Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ, у тым ліку канферэнцыя па дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі, прысвечаная выхаванню моладзі, і святая Імша, якую ўзначаліў кардынал Жан-Марк Авелін, старшыня французскага епіскапату.
 

27 ліпеня 2026, 11:52