Кардынал Баньяска: моладзь усё мацней прагне праўды і Бога
Ян Глінскі
Як падкрэсліў іерарх у інтэрв’ю для партала “Advaticanum”, сучасная дамінуючая культура імкнецца зрабіць сям’ю яшчэ больш няўстойлівай. “Сутнасць у тым, каб заблытаць маладыя пакаленні, бо без сям’і імі лягчэй маніпуляваць і эксплуатаваць дзеля ўласных інтарэсаў”, – патлумачыў кардынал.
Былы старшыня епіскапату Італіі ўказаў на заданне, якое стаіць перад хрысціянскімі супольнасцямі: выразна казаць праўду, тлумачыць людзям, што ў іх сеецца і як іх падманваюць.
“Чым больш дамінуючая культура адмаўляе існаванне Бога, тым больш Ён прысутнічае ў сэрцы чалавека”, – адзначыў іерарх. Ён перакананы, што ў маладых пакаленняў еўрапейцаў расце запатрабаванне на праўду. “Гаварыць праўду ясна – гэта першы акт любові да бліжняга”, – падкрэсліў кардынал Баньяска.
Італьянскі іерарх указаў і на прыкметы адраджэння пакліканняў, што абнадзейвае. Аднак Бог кліча, але чалавецтва стала глухім, бо яму не хапае цішыні і роздуму над тым, што сапраўды важна. Як падкрэсліў кардынал, грамадству трэба прапанаваць час і месцы для малітвы і цішыні.
Моладзь “шукае ўзнёслай праўды пра жыццё, веру і Касцёл”. “Іх не захапляе пасрэднасць. Яны часта казалі мне: “Каб паставіць на карту сваё жыццё, нам патрэбна сапраўдная, пэўная і высокая мэта”. Не толькі ў душпастырстве моладзі, але і ў месцах фармацыі, пачынаючы ад бацькоў, павінны задумацца над гэтымі словамі”, – дадаў іерарх.
Дзелячыся сваім душпастырскім вопытам, кардынал Баньяска адзначыў, што святар павінен быць знакам любові і праўды, бо менавіта гэта і ёсць Бог. Па словах іерарха, людзям патрэбна праўда, каб ведаць, хто яны і ў чым сэнс іх жыцця.