Пастыры папярэджваюць вернікаў пасля схізмы Брацтва Пія X
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падзеі адбыліся 1 ліпеня 2026 года, калі ў швейцарскім Эконе Брацтва святога Пія X правяло кансэкрацыю чатырох біскупаў без папскага мандата. Гэтым крокам супольнасць адкрыта пайшла супраць распараджэнняў Пантыфіка і ўвайшла ў фармальную схізму.
Рэакцыя Апостальскай Сталіцы была неадкладнай: 2 ліпеня 2026 года Дыкастэрыя веравучэння абвясціла дэкрэт аб экскамуніцы. У дакуменце Святы Пасад выразна падкрэсліў, што спробы ўдзялення сакрамэнтаў пакаяння і сужэнства духавенствам Брацтва з гэтага часу з’яўляюцца нядзейснымі. Разам з тым былі вызначаны крокі для магчымага прымірэння паслядоўнікаў супольнасці з Каталіцкім Касцёлам.
Рэакцыя мясцовага Касцёла ў Еўропе на рашэнне Брацтва
У нямецкай Рэгенсбургскай дыяцэзіі, дзе ў Цайцкафене размяшчаецца нямецкамоўная семінарыя Сэрца Езуса гэтага Брацтва, сітуацыя выклікала сур’ёзную занепакоенасць. Семінарыяй кіруе Паскаль Шрайбер – адзін з чатырох пасвячаных біскупаў.
Рэгенсбургская дыяцэзія папярэдзіла вернікаў пра духоўную небяспеку наведвання набажэнстваў супольнасці, заклікаўшы звяртацца да святароў, якія знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам. Біскуп Фодэрхольцэр перад кожнымі святарскімі пасвячэннямі ў Цайцкафене заўсёды нагадваў супольнасці пра іх незаконнасць і забараняў іх правядзенне, аднак Брацтва рэгулярна гэта ігнаравала.
Услед за рашэннем Святога Пасада шэраг біскупаў у Злучаных Штатах Амерыкі выступілі з заявамі, у якіх выказалі глыбокі смутак, папярэдзілі вернікаў і заклікалі да малітвы за адзінства Касцёла. На тэрыторыі іх дыяцэзій дзейнічаюць суполкі Брацтва святога Пія X. Іерархі імкнуліся спалучыць кананічную дакладнасць з пастырскім клопатам пра душы вернікаў.
Біскуп Джэймс Джонстан з дыяцэзіі Канзас-Сіці – Сент-Джозэф, на тэрыторыі якой знаходзіцца галоўная сядзіба Брацтва ў краіне, назваў незаконныя пасвячэнні крыніцай гора. Ён дадаў, што тыя, хто жадае заставацца ў еднасці з Каталіцкім Касцёлам і прымаць дзейсныя сакрамэнты споведзі і сужэнства, больш не змогуць рабіць гэта ў межах гэтай супольнасці.
Пастырскі клопат і папярэджанні амерыканскіх біскупаў
Арцыбіскуп Шон Макнайт з Канзас-Сіці падкрэсліў, што экскамуніка – гэта не праява варожасці, а лекавая мера, скіраваная на пакаянне і аздараўленне. Ён папярэдзіў, што наўмысны ўдзел у літургічным жыцці схізматычнай супольнасці супярэчыць адзінству Касцёла і з’яўляецца грахом.
У сваю чаргу біскуп Тэры ЛаВэлі з Огдэнсбурга адзначыў, што падзел паміж Брацтвам і Каталіцкім Касцёлам датычыць не толькі літургічнага пытання. Паводле яго слоў, Брацтва адхіляе і асуджае вучэнне Другога Ватыканскага Сабора, у прыватнасці экуменізм, рэлігійную свабоду, калегіяльнасць біскупаў з Папам і адносіны з юдаізмам.
Біскуп Дуглас Лусія з дыяцэзіі Сіракузы катэгарычна забараніў вернікам удзельнічаць у сакрамэнтах і наведваць касцёлы, капліцы ці школы Брацтва святога Пія X. Адзіным выключэннем, згодна з кананічным правам, з’яўляецца небяспека смерці. Ён таксама адклікаў дазвол на выкарыстанне маёмасці дыяцэзіі і парафій для дзейнасці Брацтва, назваўшы некалькі дазволеных месцаў для цэлебрацыі Імшы паводле Рымскага Імшала 1962 года.
Пра існаванне такіх ухваленых месцаў для традыцыйнай літургіі паведаміў і арцыбіскуп Бернард Хебда з Сент-Пола і Мінеапаліса, выказаўшы надзею, што прыхільнікі традыцыйнай Імшы знойдуць там свой дом.
Біскуп Дональд Хаінг з Медысана нагадаў, што несанкцыянаванае пасвячэнне цягне за сабой аўтаматычную экскамуніку, а адхіленне папскай улады параніла шлях да адзінства.
Іерархі застаюцца адкрытымі для дыялогу з духавенствам, якое хоча пазбегнуць разрыву. Біскуп ЛаВэлі звярнуўся да святароў Брацтва: "Я заўсёды адкрыты для таго, каб прыняць вас і дапамагчы вам застацца ў адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім Касцёле". Усе біскупы заклікалі да малітваў аб аздараўленні гэтага падзелу.