Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Утрэхта пра веру пакалення Z і TikTok

Кардынал Вім Эйк адзначыў: галандская моладзь усё часцей адкрывае веру і Хрыста дзякуючы сацыяльным сеткам, у тым ліку TikTok.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Утрэхта кардынал Вім Эйк у інтэрв'ю, апублікаваным на партале "katholiekleven.nl", звярнуў увагу на рост цікавасці галандскай моладзі да Каталіцкага Касцёла і хрысціянства.

Паводле слоў іерарха, менавіта прадстаўнікі пакалення Z усё часцей шукаюць веру і разважаюць пра ўступленне ў Касцёл. Адной з прычын такой з'явы ён назваў сацыяльныя сеткі, у тым ліку платформу "TikTok", якая дазваляе маладым людзям дзяліцца досведам веры і адкрываць для сябе Хрыста.

"Мы вельмі радуемся прысутнасці гэтых маладых людзей. Варта адзначыць, што яны адкрываюць Хрыста праз сацыяльныя сеткі. Гэта паказвае, што свецкія таксама сталі апосталамі і шмат робяць, каб пашыраць веру, асабліва сярод сваіх аднагодкаў", - сказаў кардынал Эйк.

Пастыр Утрэхта падкрэсліў таксама значэнне традыцыйных форм жыцця Касцёла, такіх як эўхарыстычная адарацыя і старанна падрыхтаваная літургія. Менавіта гэтыя элементы, на яго думку, прыцягваюць частку моладзі, якая шукае глыбейшага духоўнага досведу. Кардынал заўважыў таксама, што маладыя католікі не толькі самі ўключаюцца ў жыццё Касцёла, але і нярэдка перадаюць свой энтузіязм старэйшаму пакаленню.

Звяртаючыся да моладзі, якая шукае сэнсу і веры, кардынал заклікаў да частага ўдзелу ў Эўхарыстыі і чытання Святога Пісання. "Дзякуючы Слову Бога мы чуем, як Ён Сам звяртаецца да нас. Ён гаворыць і сёння, непасрэдна да нашых сэрцаў", - сказаў нідэрландскі іерарх.
 

02 ліпеня 2026, 12:05