Пошук

Архіепіскап Святаслаў Шаўчук Архіепіскап Святаслаў Шаўчук 

Архіепіскап Шаўчук: прабачэнне аздараўляе памяць народаў Еўропы

Пра сілу малітвы і важнасць узаемнага прабачэння для аздараўлення сэрцаў і гістарычнай памяці народаў нагадаў Вярхоўны архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Ва ўмовах вайны мы заўсёды наноў адкрываем для сябе сэнс і сілу малітвы. Маліцца разам – значыць знайсці прастору, якая лечыць раны: малітва – гэта алей, аздараўляючая ласка Святога Духа, якая пранізвае сэрцы тых, хто пакутуе”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Раберта Пальялонга, журналісту ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”.

У апошнія дні архіепіскап Шаўчук сустракаўся з пасланнікамі Льва XIV: кардыналам Матэа Дзупі, старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Італіі папскім спецпасланнікам па Украіне, а таксама з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, якога Святы Айцец прызначыў сваім легатам на святкаванне 35-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду ва Украіне. Глава Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы асаблівым чынам адзначыў каштоўнасць малітвы з прадстаўнікамі Папы.

“Маліцца разам са спецыяльнымі пасланнікамі Святога Айца – гэта маліцца ў лоне ўсяленскай Царквы, гэта маліцца з самім Святым Айцом. Гэта адчуваць, што цябе прыгарнуў бацька. Таму прысутнасць кардынала Дзупі і арцыбіскупа Галахера для нас – гэта бачны знак Усяленскай і Каталіцкай Царквы, якая абдымае нас і моліцца за нас”, - сказаў ён.

Архіепіскап Шаўчук пракаментаваў таксама пытанне прабачэння і прымірэння, якое закраналася падчас яго сустрэчы з арцыбіскупам Галахерам. Ён згадаў, што 25 гадоў таму Украіну наведаў святы Ян Павел ІІ, які лічыў адной з галоўных місій свайго служэння як Наступніка святога Пятра – неабходнасць гаіць раны Еўропы, называючы іх “ранамі гістарычнай памяці еўрапейскіх народаў”.

“Памяць сапраўды можа балець, і гэтыя глыбокія гістарычныя раны цэлых народаў трэба аздараўляць. Папа пакінуў нам унікальную формулу гэтага аздараўлення гістарычнай памяці еўрапейцаў. Асноўнымі лекамі, гэтым поўным ласкі алеем аздараўлення, з’яўляецца ўзаемнае прабачэнне – прабачэнне, падараванае і атрыманае. Менавіта праз такое прабачэнне можна загаіць раны мінулага, над якім мы ўжо не маем улады, каб не заставацца заложнікамі мінулага, а будаваць лепшую будучыню. Таму сёння нам надзвычай важна гаварыць пра гэты запавет Яна Паўла ІІ і не забываць яго, асабліва ў кантэксце польска-ўкраінскіх адносін і ўсяго таго, што выклікае боль як раны мінулага ў сэрцах нашых народаў”, - сказаў украінскі іерарх.
 

20 ліпеня 2026, 11:29