Арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор Арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор  (AFP or licensors)

Перад візітам Папы: арцыбіскуп Рэймса пра стан Касцёла ў Францыі

Леў XIV сустрэне ў Францыі Касцёл, які перажывае глыбокую трансфармацыю. Пра працэсы, якія ў ім адбываюцца, распавёў арцыбіскуп Рэймса Эрык дэ Мулен-Бафор у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “Fides”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што падчас апостальскага падарожжа Пантыфік убачыць Касцёл, які праходзіць праз крызіс, але адначасова шукае новыя шляхі евангелізацыі і атрымлівае новы імпульс праз сведчанне катэхуменаў і моладзі, якая нанова адкрывае Хрыста.

Паміж крызісам і пошукам новых шляхоў

Старшыня епіскапату адзначыў, што Касцёл Францыі вымушаны прыстасоўвацца да працяглага змяншэння колькасці святароў і наступстваў крызісу злоўжыванняў і падманаў у некаторых касцёльных структурах, якія калісьці здаваліся поўнымі перспектыў. Усё гэта прымушае Касцёл пераасэнсоўваць сваю пастырскую мадэль і шукаць новыя формы місіі і больш цвяроза, крытычна глядзець на сябе.

Прыкметы трансфармацыі

Арцыбіскуп Дэ Мулен-Бафор падкрэсліў, што на гэтым фоне ў Францыі з’яўляюцца і пазітыўныя прыкметы трансфармацыі. Ён адзначыў рост колькасці катэхуменаў, больш сапраўдныя братэрскія адносіны ў парафіях і дыяцэзіях, а таксама пошук новага разумення ролі свецкіх вернікаў. На яго думку, у апошнія дзесяць гадоў у Францыі асабліва прыкметна адраджэнне свядомасці агульнай адказнасці за місію Касцёла, калі свецкія могуць, напрыклад, узначальваць малітвы.

Рост колькасці катэхуменаў як Божы дар

Відавочны сёння ў Францыі феномен росту колькасці катэхуменаў іерарх лічыць Божым дарам, а не вынікам нейкай “цудадзейнай” душпастырскай методыкі. У лістах людзей, якія рыхтуюцца да хросту, часта паўтараецца думка пра сустрэчу з Хрыстом як пра адкрыццё новага ладу жыцця – у супакоі, надзеі, адкрытасці да іншых, без азлобленасці і крыўды. Многія катэхумены лёгка засвойваюць тэалагічную лексіку Святога Пісання і літургіі, гавораць пра грэх не толькі як пра маральную віну, але як пра “недасягненне мэты” і ўнутранае рабства. Гэта набліжае іх духоўны досвед да простай і магутнай мовы першых хрысціян.

“Французскі парадокс”: секулярызм і цікавасць да веры

Арцыбіскуп Рэймса пракаментаваў сітуацыю, якая склалася ў французскім грамадстве: з аднаго боку, яно застаецца глыбока секулярызаваным, а з другога – зачараваным рэлігійнасцю і гэта пастаянна ўсплывае ў грамадскіх дыскусіях. Ён назваў гэтую сітуацыю “французскім парадоксам” і заўважыў, што сучасная Францыя гістарычна будавалася на ідэі аўтаноміі ад Бога, аднак французы праяўляюць вялікую цікавасць да рэлігіі: смерць Францішка і абранне Льва XIV выклікалі ў краіне незвычайную ўвагу. Французы добра ведаюць, што хрысціянская вера – гэта школа свабоды. Яны разумеюць свабоду як аўтаномію і эмансіпацыю, аднак усведамляюць таксама, што вера ў Бога прапануе большае багацце і свабоду ў згодзе, прыняцці, гасціннасці і пэўнай залежнасці ад Бога, якая вызваляе больш.

Місія Касцёла – весці да паўнаты жыцця

Гаворачы пра місію Касцёла, іерарх падкрэсліў, што яе нельга разумець толькі як спробу “прыцягнуць” у касцёльную супольнасць новых людзей. На яго думку, місія азначае прысутнічаць дзе заўгодна і несці перад Богам лёс усяго чалавецтва. Плён місіі не вымяраецца толькі колькасцю новых вернікаў. Касцёл з'яўляецца часткай таямніцы крыжа, часткай Божай справы, якая жадае весці чалавецтва да паўнаты жыцця, - сказаў ён.

Рэформа ў Рэймсе

Арцыбіскуп Дэ Мулен-Бафор патлумачыў, што рэформа, якую ён распачаў у Рэймсе шэсць гадоў таму, імкнулася не зводзіць перамены толькі да адміністрацыйнай сферы, метадаў кіравання або стратэгій камунікацыі. На першым месце павінна стаяць абвяшчэнне Божага Слова; затым асвячэнне праз сакрамэнты, і толькі пасля гэтага – кіраванне. Ён падкрэсліў, што кіраваць у Касцёле азначае не проста звычайнае адміністраванне, а падтрымка вернікаў на шляху да Бога. Менавіта таму касцёльныя структуры павінны аптымізаваць кіраванне фінансавым і арганізацыйным апаратам, каб больш увагі аддаваць Божаму Слову, сакрамэнтам і сустрэчы з людзьмі.

07 ліпеня 2026, 12:03