Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Гродне прайшла дыяцэзіяльная парафіяда. 18 чэрвеня 2026 года яна завяршылася Імшой у часовай капліцы парафіі святога Піо, пробашчам якой з’яўляецца арганізатар парафіяды ксёндз Артур Малафей. Па выніках у розных дысцыплінах творчага, спартыўнага і інтэлектуальнага характару ўдзельнікі атрымалі медалі і прызы. Пераможцамі ў намінацыях "тэатр" і "стадыён" сталі парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, у намінацыі "святыня" – парафія Маці Божай Тройцы Цудоўнай у Мастах. Агулам у парафіядзе прынялі ўдзел 185 чалавек з 19 каманд.
Прадстаўлена праграма ўрачыстасцяў у Будславе. Сёлета адзначаецца 35-годдзе аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, таму галоўным дэвізам фэсту абраныя словы: "Богу хвала – Марыі давер – Касцёлу вернасць". Падчас урачыстасцяў, якія пройдуць 3-4 ліпеня 2026 года, адбудзецца прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Хрыста. Яшчэ адной асаблівасцю стане прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка, аднаўленне сужэнскіх абяцанняў з нагоды 35-годдзя шлюбу. Таксама праграма ўключае разважанні і малітвы праз заступніцтва святога Францішка з нагоды яго юбілею.
Фэст святога Антонія адзначылі ў Пінскай дыяцэзіі з удзелам біскупаў. 13 чэрвеня 2026 года, у дзень святога Антонія Падуанскага, у касцёле ў вёсцы Новая Мыш свята ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебраваў дапаможны біскуп Андрэй Зноска. Прадстаўнікі парафіі павіншавалі біскупа Пінскага з імянінамі, жадаючы яму няспыннай апекі святога Антонія ў пастырскім служэнні. Іерарх, у сваю чаргу, запрасіў вернікаў да руплівай малітвы аб дары новых пакліканняў да святарства.
Парафія на Гродзеншчыне адзначыла сваё 400-годдзе. 14 чэрвеня 2026 года парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы святкавала юбілей. Імшу падзякі за 400-гадовае існаванне парафіі цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. У свяце ўдзельнічалі прадстаўнікі праваслаўнай супольнасці і мясцовых уладаў. Пробашч парафіі ксёндз Тадэвуш Крыштопік заклікаў да малітвы за ўсе пакаленні вернікаў, якія на працягу чатырох стагоддзяў стваралі і працягваюць ствараць гэтую супольнасць, знаходзячы ў ёй свой шлях да Бога.
Біскуп Віцебскі асвяціў алтар у Новалукомлі. 14 чэрвеня 2026 года мясцовая каталіцкая супольнасць вітала біскупа Алега Буткевіча, які благаславіў бакавы алтар і абраз Езуса Міласэрнага. Пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі адзначыў адметнасць гэтага дня: асвячэнне абраза адбылося ў той час, калі ў Вільні праходзіў Сусветны апостальскі кангрэс міласэрнасці, які заклікаў увесь свет стаць сведкамі надзеі. Паводле святара, "менавіта сёння парафія ў Новалукомлі ўпісваецца ў сусветны паток ласкі, адчыняючы сваю ўласную Браму Міласэрнасці праз новы алтар".
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, pinskdiocese.by, catholicminsk.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.