Пошук

Падчас адкрыцця VI Сусветнага апостальскага кангрэсу міласэрнасці Падчас адкрыцця VI Сусветнага апостальскага кангрэсу міласэрнасці  (© Evgenia Levin)

Форум міласэрнасці ў Вільні: ад малітвы да канкрэтных спраў

У Вільні завяршаецца VI Сусветны апостальскі кангрэс міласэрнасці, прысвечаны малітве, служэнню ў супольнасці і канкрэтным учынкам дзеля дапамогі бліжняму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Маштабны хрысціянскі форум у сталіцы Літвы падыходзіць да свайго завяршэння. Пяты дзень VI Сусветнага апостальскага кангрэсу міласэрнасці (WACOM), які завяршаецца 12 чэрвеня 2026 года, прайшоў пад знакам дзеяння, заклікаючы кожнага верніка пераўтвараць веру ў канкрэтную дапамогу чалавеку.

"Пан вызваляе нас ад пакут, запальваючы надзею. Ён аб’яўляе сапраўднае імя сваёй усемагутнасці – міласэрнасць. Міласэрнасць – гэта тое, што збаўляе свет", - падкрэсліў про-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела падчас свайго выступлення, нагадваючы словы святога Яна Паўла II і заклік Папы Францішка, каб кожная супольнасць станавілася сапраўдным аазісам міласэрнасці.

Жывое сведчанне веры нараджаецца там, дзе чалавечы боль сустракаецца з салідарнасцю і справядлівасцю.

Глыбокім вопытам служэння ва ўмовах вайны падзялілася старшыня украінскай "Caritas” Таццяна Стаўнічая. Яна адзначыла, што ўважлівае слуханне чалавечых гісторый часта становіцца пачаткам глыбокага духоўнага ацалення. Салідарнасць, паводле яе слоў, дапамагае заставацца людзьмі, служачы сапраўдным ратавальным плотам у выпрабаваннях.

Тэму чалавечай годнасці працягнулі юрысты з Шатландыі Дэвід і Кэтрын Мэкі, якія закранулі пытанні справядлівасці ў крымінальных справах. Яны адзначылі, што сапраўднае правасуддзе павінна не проста караць, а дапамагаць чалавеку адбудаваць жыццё, паколькі міласэрнасць у правасуддзі – гэта выява веры ў магчымасць унутранай перамены кожнага чалавека.

Пра тое, што аднаўленне Касцёла пачынаецца з адлюстравання міласэрнага Сэрца Айца, казаў заснавальнік руху "Божае абнаўленне" ксёндз Джэймс Малон, які заклікаў парафіі заставацца адкрытымі для кожнага чалавека.

Тэму глыбокага ўкаранення душпастырскага служэння ў Божай любові падтрымала і сястра Кэці Джонс, якая 11 чэрвеня 2026 года звярнула ўвагу прысутных на біблейскія вобразы і карціну Рэмбранта "Вяртанне блуднага сына". Яна нагадала, што кожнае служэнне ў Касцёле патрабуе пакоры і ўсведамлення ўласнай патрэбы ў літасці, заклікаўшы вернікаў быць міласэрнымі таксама і да саміх сябе, каб мець сілы дзяліцца гэтым дарам з іншымі.

Шлях да дзеяння заўсёды пачынаецца з трывалай малітвы і шчырага даверу Богу.

Чацвёрты дзень кангрэсу быў цалкам прысвечаны малітве як месцу сустрэчы з Богам. Супрацоўнік ватыканскай Дыкастэрыі па камунікацыі ксёндз Мішэль Рэмэры падкрэсліў, што "малітва дасягае туды, куды не дасягаюць ні нашы ногі, ні нашы словы, ні нашы дзеянні".

Прафесар Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме доктар Дона Арсута нагадала, што малітва – гэта перш за ўсё развіццё асабістых адносін з Створцам.

Кранальным момантам стала відэасведчанне сям’і Кісэл са Злучаных Штатаў Амерыкі, чые сыны пакутуюць на рэдкую генетычную хваробу скуры: іх супольны зварот да Вяночка да Божай міласэрнасці прынёс духоўнае суцяшэнне тысячам людзей па ўсім свеце. Пра цудоўнае вылячэнне і развіццё душпастырства дзякуючы гэтай жа малітве распавяла і каардынатар Апостальства Божай міласэрнасці ў Інданезіі Сінція Леаварды.

Італьянскі “місіянер міласэрнасці” ксёндз Паскуаліна дзі Дыя падзяліўся вопытам працы з бяздомнымі і заклікаў пераўтвараць малітву ў штодзённы клопат пра бліжніх. У сваю чаргу, адзін з сусветных лідараў у барацьбе з гандлем людзьмі Кевін Хайланд шакаваў удзельнікаў лічбамі: каля 50 мільёнаў чалавек у свеце знаходзяцца ў сучасным рабстве, пры гэтым менш за 0,5 працэнта ахвяр удаецца выявіць. Ён працытаваў Папу Францішка, які назваў гандаль людзьмі адкрытай ранай на Целе Хрыста.

Правінцыял Кангрэгацыі ксяндзоў марыянаў з Злучаных Штатаў Амерыкі ксёндз Крыс Алар нагадала пра дакладнае супадзенне твару з віленскага абраза Міласэрнага Езуса з Турынскай плашчаніцай і заклікаў чалавецтва з даверам звярнуцца да Божай любові, якая адзіная здольная прынесці свету сапраўдны спакой.
 

12 чэрвеня 2026, 10:08