Пошук

Ксёндз Яўген Вінтоў Ксёндз Яўген Вінтоў 

Інтэрв’ю: ксёндз Вінтоў пра беатыфікацыі і тэалогію ў Беларусі

Інтэрв’ю з ксяндзом доктарам Яўгенам Вінтовым пра працэсы беатыфікацыі, развіццё каталіцкай думкі, марыялогію і выхад айчыннай тэалогіі служэння на міжнародную навуковую арэну.

Тэалагічная думка ў Беларусі часцей за ўсё выяўляецца ў штодзённым душпастырстве або захаванні традыцый. Аднак існуе і іншы бок жыцця Касцёла — навуковы, які патрабуе сістэмнасці, працы з архівамі і ўдзелу ў міжнародным інтэлектуальным дыялогу. Наш суразмоўца, ксёндз доктар Яўген Вінтоў, сумяшчае душпастырскае служэнне з сур’ёзнай акадэмічнай дзейнасцю.

Ягоная праца дазваляе беларускаму кантэксту прысутнічаць у еўрапейскай навуковай прасторы, а важным для нашай веры і гісторыі працэсам беатыфікацыі — набываць неабходную тэалагічную і прававую экспертызу.

Повязь часоў: беатыфікацыя як духоўная справа

 

Пра «павольнасць» святасці

— Ксёндз Яўген, беатыфікацыйныя працэсы біскупа Зыгмунта Лазінскага і Эдварда Вайніловіча вымяраюцца дзесяцігоддзямі. У свеце, які патрабуе імгненных вынікаў, такая працягласць многім падаецца анахранізмам. Як вы лічыце, ці ёсць у гэтым марудным тэмпе свая духоўная логіка? Ці гэта хутчэй сведчанне складанасці нашага ХХ стагоддзя, якое пакінула пасля сябе больш пытанняў, чым архіўных адказаў?

— Дзякую за гэтае пытанне. Мне здаецца, што тут важна ўбачыць два аспекты.

З аднаго боку, кожны беатыфікацыйны ці кананізацыйны працэс у Каталіцкім Касцёле — гэта вельмі сур’ёзнай і дакладна вызначаная працэдура, якая не церпіць паспеху. Касцёл не імкнецца «хутка абвясціць святога», а стараецца ўважліва даследаваць жыццё чалавека, яго святасць, сведчанне веры, а таксама гістарычны кантэкст. Таму неабходна старанна сабраць дакументы, сведчанні, праверыць факты і прайсці ўсе этапы працэсу вельмі адказна. У гэтым сэнсе пэўная «маруднасць» мае сваю духоўную логіку — гаворка ідзе не пра хуткасць, а пра праўду і распазнанне Божага дзеяння.

З другога боку, трэба памятаць, што значная частка беатыфікацыйных працэсаў у Беларусі і на тэрыторыі былога Савецкага Саюза актыўна пачала развівацца толькі пасля 1990-х гадоў. ХХ стагоддзе пакінула пасля сябе вельмі складаны гістарычны досвед: войны, рэпрэсіі, закрытыя архівы, знішчаныя дакументы, перапыненую памяць многіх супольнасцяў. Таму даследчыкам і ўдзельнікам працэсаў часта даводзіцца літаральна аднаўляць гісторыю па фрагментах. Не заўсёды ёсць магчымасць хутка атрымаць доступ да ўсіх архіўных матэрыялаў ці сведчанняў.

Ксёндз Яўген Вінтоў
Ксёндз Яўген Вінтоў

Трэба таксама адзначыць, што гэтыя два працэсы, якія былі згаданыя, знаходзяцца на розных этапах. У выпадку біскупа Зыгмунта Лазінскага працэс фактычна ўжо падрыхтаваны — Касцёл чакае прызнання цуду, неабходнага для беатыфікацыі. Гэтая справа вядзецца ўжо з 1952 года, і была праведзена вялікая праца па зборы дакументаў і сведчанняў.

Працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча знаходзіцца яшчэ на першым этапе. Тут гаворка ідзе перадусім пра гістарычнае і дакументальнае даследаванне жыцця і дзейнасці кандыдата. Пэўнай складанасцю застаецца таксама недахоп спецыялістаў, якія маюць адпаведную падрыхтоўку і досвед вядзення беатыфікацыйных працэсаў.

Таму працягласць такіх працэсаў — гэта не толькі пытанне кананічнай працэдуры, але і адлюстраванне складанасці самога ХХ стагоддзя.

Біскуп Лазінскі: пасля кардынала Свёнтка

— Пры жыцці кардынала Казіміра Свёнтка постаць біскупа Зыгмунта Лазінскага была в цэнтры духоўнага жыцця Беларусі, ён быў сімвалам незламанасці. Аднак сёння складваецца ўражанне, што пасля смерці кардынала гэтая тэма крыху знікла з публічнай і нават духоўнай прасторы. Чаму так адбылося? Ці не падаецца вам, што Касцёлу ў Беларусі не хапае новага імпульсу для папулярызацыі гэтай постаці?

— Безумоўна, вельмі важную ролю ў папулярызацыі постаці Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага адыграў кардынал Казімір Свёнтэк. Менавіта кардынал быў адным з тых, хто не толькі захоўваў памяць пра біскупа Лазінскага, але і актыўна сведчыў пра святасць яго жыцця. Дзякуючы гэтаму постаць біскупа Лазінскага стала вядомай не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Варта памятаць, што падчас падрыхтоўкі так званага «Positio» — галоўнага дакумента для ватыканскага этапу працэсу — былі выкарыстаныя сведчанні людзей з дзясяткаў краін Еўропы і свету. Гэта паказвае, што слава святасці біскупа Лазінскага сапраўды выйшла па-за межы лакальнага Касцёла.

Аднак кожны беатыфікацыйны працэс патрабуе не толькі гістарычнай працы, але і жывой духоўнай памяці народа Божага. У кананізацыйным праве вельмі важнымі з’яўляюцца два элементы: «fama sanctitatis» — слава святасці, і «fama signorum» — слава знакаў і ласкаў, атрыманых праз заступніцтва кандыдата.

Слава святасці азначае перакананне вернікаў, што чалавек жыў паводле Евангелля ў гераічнай ступені і можа быць прыкладам хрысціянскага жыцця. Гэтая слава павінна існаваць пры жыцці чалавека, у момант яго смерці і пасля смерці. Яна праяўляецца ў тым, што вернікі моляцца праз яго заступніцтва, наведваюць магілу, просяць дапамогі ў сваіх патрэбах, распавядаюць іншым пра прыклад яго жыцця.

Слава знакаў, у сваю чаргу, — гэта сведчанні пра ласкі і магчымыя цуды, атрыманыя праз малітву да Бога за заступніцтвам Слугі Божага. Для Касцёла гэта вельмі істотны элемент, бо беатыфікацыйны працэс не можа існаваць толькі ў архівах — ён павінен жыць у веры народа Божага.

Таму, падсумоўваючы, можна сказаць, што сёння сапраўды не хапае новага імпульсу для папулярызацыі постаці біскупа Лазінскага. Вялікае значэнне мае асоба пастулятара і ўсяго асяроддзя, якое працуе над працэсам. Патрэбныя людзі, якія будуць сістэматычна займацца гэтай справай, папулярызаваць спадчыну Слугі Божага, арганізоўваць малітоўныя ініцыятывы і распаўсюджваць веды пра яго жыццё.

Магчыма, добрай ініцыятывай магло б стаць стварэнне, напрыклад, «Кола сяброў Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага» — супольнасці людзей, якія не толькі вывучалі б яго спадчыну, але і маліліся аб яго беатыфікацыі. Асабліва на апошнім этапе працэсу вельмі важна, каб усё больш вернікаў звярталіся да Бога праз заступніцтва біскупа Лазінскага і сведчылі пра атрыманыя ласкі.

Пытанне цудаў: рэальнасць і геаграфія

— Мы ведаем, што для беатыфікацыі біскупа Лазінскага неабходны пацверджаны цуд праз яго заступніцтва. На якім этапе цяпер знаходзіцца працэс? Ці паступалі ў апошні час паведамленні аб незвычайных аздараўленнях або ласках, і ці можна акрэсліць іх «геаграфію» — з якіх рэгіёнаў Беларусі або замежжа прыходзяць такія сведчанні?

— На сённяшні дзень працэс беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага знаходзіцца фактычна на завяршальным этапе адносна даследавання яго жыцця і гераічнасці цнотаў. Яшчэ ў 1993 годзе святы Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці яго цнотаў, і з гэтага моманту Касцёл афіцыйна прызнае яго як Шаноўнага Слугу Божага.

Для беатыфікацыі сёння неабходна прызнанне цуду, атрыманага праз яго заступніцтва. У гісторыі працэсу ўжо была справа меркаванага цудоўнага аздараўлення маленькай дзяўчынкі Мілены Чарноцкай у 1993 годзе. Гэтая справа вельмі сур’ёзна даследавалася: быў праведзены асобны дыяцэзіяльны працэс, сабрана амаль тысяча старонак матэрыялаў і вялікая медыцынская дакументацыя. Аднак пасля экспертнага аналізу Кангрэгацыя па справах кананізацыі не пацвердзіла цуд у кананічным разуменні гэтага слова. У 2005 годзе справа была закрыта і перададзена ў архіў.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі
Біскуп Зыгмунт Лазінскі

Вельмі важна, што ў 2010 годзе Кангрэгацыя па справах кананізацыі афіцыйна паведаміла пра сваю гатоўнасць разгледзець новы выпадак меркаванага цуду, калі такі будзе прадстаўлены. Гэта азначае, што сам працэс не спынены — Касцёл працягвае чакаць новага пацверджанага знаку праз заступніцтва біскупа Лазінскага.

Калі казаць пра сведчанні ласкаў і аздараўленняў, то яны час ад часу з’яўляюцца, але трэба разумець, што паміж асабістым сведчаннем чалавека і афіцыйна прызнаным цудам існуе вельмі вялікая розніца. Касцёл патрабуе надзвычай дакладнай медыцынскай і тэалагічнай экспертызы.

Што датычыцца «геаграфіі» такіх сведчанняў, то гістарычна постаць біскупа Лазінскага была вядомая не толькі ў Беларусі. Яшчэ падчас працэсу ў Рыме сведчанні збіраліся ў розных краінах — у Польшчы, Італіі, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі. Гэта сведчыць аб тым, што памяць пра яго і малітва праз яго заступніцтва выходзілі далёка па-за межы Беларусі.

Сёння асабліва важна, каб культ прыватнай малітвы праз заступніцтва Слугі Божага працягваў развівацца. Бо вельмі часта менавіта жывое сведчанне вернікаў і становіцца той духоўнай глебай, на якой Касцёл можа пазней распазнаць сапраўдны цуд.

Феномен «свецкай святасці» Вайніловіча

— Постаць Эдварда Вайніловіча ўнікальная: палітык, фундатар, чалавек вялікіх спраў. Ці не ў гэтым галоўны выклік для беатыфікацыйнага працэсу — даказаць «heroicitas virtutum» (гераічнасць цнотаў) асобы, чыё жыццё праходзіла не ў цішыні кляштара, а ў віры палітычных і грамадскіх бураў? Як Касцёл сёння падыходзіць да святасці чалавека, які быў настолькі моцна ўкаранёны ў «зямныя» справы?

— Святасць часта асацыюецца з кляштарам, цішынёй малітвы і аддаленасцю ад свету. Але жыццё Эдварда Вайніловіча разбурае гэты стэрэатып.

Ягоная постаць паказвае, што шлях да Бога можа праходзіць не толькі праз манаскую келлю, але і праз залы пасяджэнняў, палітычныя дыскусіі, дабрачыннасць і адказнасць за грамадства. Менавіта таму сёння Касцёл усё часцей гаворыць пра яго як пра чалавека, чыё жыццё можа стаць сучасным сведчаннем так званай «свецкай святасці».

Пасля Другога Ватыканскага сабору Каталіцкі Касцёл асабліва выразна падкрэсліў: кожны ахрышчаны чалавек пакліканы да святасці. Не толькі святары ці манахі, але і бацькі сямей, настаўнікі, лекары, палітыкі, прадпрымальнікі.

Гэтая думка кардынальна змяняе ўяўленне пра хрысціянскае жыццё. Святасць — гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці, а здольнасць жыць паводле Евангелля менавіта там, куды чалавека паставіў Бог.

Для Эдварда Вайніловіча такой прасторай сталі грамадская дзейнасць, палітыка і мецэнацтва. Ён не раздзяляў веру і штодзённае жыццё. Наадварот — лічыў, што сапраўдная вера павінна ўплываць на канкрэтныя рашэнні, адносіны да людзей і спосаб выкарыстання ўлады або багацця.

Сёння слова «палітыка» часта выклікае расчараванне або недавер. Але ў хрысціянскай традыцыі грамадская дзейнасць можа быць формай любові да бліжняга. Менавіта так успрымаў яе Вайніловіч.

Для яго палітыка не была барацьбой за асабістую выгаду. Яна станавілася служэннем чалавеку і адказнасцю за агульнае дабро. У гэтым Касцёл бачыць праяву таго, што ў працэсах беатыфікацыі называецца «heroicitas virtutum» — гераічнасць цнотаў.

Гаворка не пра бездакорнасць або адсутнасць памылак. Гераічнасць цнотаў азначае здольнасць жыць паводле хрысціянскіх прынцыпаў нават тады, калі гэта патрабуе мужнасці, унутранай свабоды і ахвярнасці.

У жыцці Вайніловіча праяўляліся розныя цноты, сярод якіх: справядлівасць — павага да годнасці кожнага чалавека; мужнасць — вернасць сваім перакананням у складаныя гістарычныя часы і іншыя.

Менавіта таму яго дзейнасць выходзіла далёка за межы звычайнай дабрачыннасці. Гэта быў спосаб рэалізацыі веры ў грамадскім жыцці.

Эдвард Вайніловіч
Эдвард Вайніловіч

Касцёл ніколі не прапануе святых як людзей, якіх трэба механічна капіраваць. Кожная эпоха мае свае выклікі, а кожны чалавек — сваё пакліканне. Але гісторыі святых дапамагаюць убачыць, што можна жыць Евангеллем у любых абставінах.

Феномен Вайніловіча асабліва важны для сучаснага чалавека, які часта лічыць, што вера павінна заставацца выключна «прыватнай справай». Яго жыццё сведчыць пра супрацьлеглае: хрысціянства не абмяжоўваецца сценамі касцёла. Сапраўдная вера закранае эканоміку, культуру, палітыку, сямейныя адносіны і стаўленне да іншых людзей. Яна выяўляецца не толькі ў малітве, але і ў адказнасці, сумленнасці і здольнасці служыць.

У свеце, дзе поспех часта вымяраецца ўплывам, грашыма і папулярнасцю, постаць Эдварда Вайніловіча выглядае асабліва сучаснай. Яго жыццё нагадвае аб тым, што хрысціянін можа быць актыўным удзельнікам грамадскага жыцця і пры гэтым не губляць духоўнай глыбіні.

Таму яго беатыфікацыйны працэс — гэта не толькі справа гістарычнай памяці. Гэта спроба адказаць на вельмі сучаснае пытанне: ці магчыма сёння быць святым у свеце палітыкі, бізнесу і грамадскай дзейнасці?

Жыццё Вайніловіча дае выразны адказ: так, магчыма. Але толькі тады, калі цэнтрам жыцця чалавека застаецца Бог, а ўлада і здольнасці становяцца не сродкам самасцвярджэння, а служэннем іншым.

Кампетэнцыя і кадры

— Падрыхтоўка такіх спраў патрабуе філіграннай працы гісторыкаў і юрыстаў. Наколькі арганізацыйны, персанальны і інтэлектуальны патэнцыял Касцёла ў Беларусі сёння дазваляе самастойна весці такога роду працэсы на ўзроўні патрабаванняў Святога Пасада? Ці ёсць у нас «каманда», здольная не проста збіраць факты, але і ствараць пераканаўчы тэалагічны сінтэз?

— У апошнія дзесяцігоддзі Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўсё больш і больш актыўна адкрывае для сябе тэму беатыфікацыйных і кананізацыйных працэсаў. Гаворка ідзе не толькі пра ўшанаванне асобных выбітных постацей, але і пра фарміраванне гістарычнай памяці, духоўнай ідэнтычнасці і інтэлектуальнай культуры мясцовага Касцёла.

Аднак за кожнай справай аб беатыфікацыі стаіць не толькі малітва і пабожнасць вернікаў. Гэта таксама шматгадовая праца гісторыкаў, архівістаў, тэолагаў і кананістаў. І менавіта тут беларускі Касцёл сутыкаецца з сур’ёзнымі выклікамі.

Беларусь — гэта зямля складанай, але вельмі багатай гісторыі Касцёла. Пераслед, войны, савецкі атэізм і мучаніцтва ХХ стагоддзя пакінулі пасля сябе шмат асоб, жыццё якіх сёння выклікае цікавасць не толькі ў вернікаў, але і ў даследчыкаў.

Менавіта таму ў беатыфікацыйных працэсах асаблівую ролю адыгрываюць гісторыкі. Іх задача — не проста збіраць старыя дакументы або ўспаміны сведак. Яны павінны правесці сапраўднае навуковае расследаванне: праверыць аўтэнтычнасць крыніц, ацаніць гістарычны кантэкст і паказаць, кім сапраўды быў кандыдат да святасці.

У беларускім Касцёле існуе добры інтэлектуальны падмурак для такой працы. Адраджэнне семінарый у Гродне і Пінску, развіццё тэалагічнай адукацыі і з’яўленне новага пакалення даследчыкаў ствараюць магчымасць для сур’ёзнай навуковай дзейнасці. Але аднаго гістарычнага энтузіязму недастаткова.

Беатыфікацыя — гэта не толькі духоўнасць, але і права

Шмат хто ўспрымае працэс беатыфікацыі выключна як духоўную або маральную ацэнку жыцця чалавека. Насамрэч гэта яшчэ і вельмі складаная юрыдычная працэдура, якая рэгулюецца адмысловым правам Святога Пасада.

Кожны этап працэсу патрабуе дакладнасці, ведання кананічнага права і строгіх працэдур. Усе дакументы, сведчанні і гістарычныя матэрыялы павінны быць аформлены паводле нормаў Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Менавіта таму ў працэсах існуюць вельмі канкрэтныя патрабаванні да членаў камісій і экспертаў.

Касцёл не даручае такія справы выпадковым людзям. Асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, павінны валодаць не толькі адукацыяй, але і прафесійнай кампетэнцыяй, маральным аўтарытэтам і разуменнем касцельнай адказнасці.

Напрыклад:

- гістарычныя эксперты павінны мець досвед навуковай і архіўнай працы;

- кананісты мусяць добра ведаць адмысловае права кананізацыйных працэсаў;

- прамотар справядлівасці (promotor iustitiae) абавязаны крытычна аналізаваць усе дакументы і сачыць за аб’ектыўнасцю працэсу;

- тэалагічныя кансультанты павінны ацэньваць адпаведнасць вучэння і жыцця кандыдата каталіцкай веры.

- Фактычна гаворка ідзе пра вузкую спецыялізацыю асобы, якая патрабуе добрай падрыхтоўкі.

І вось тут становіцца бачнай адна з галоўных цяжкасцей Касцёла ў Беларусі. Нягледзячы на наяўнасць адукаваных святароў і юрыстаў, спецыялістаў, асоб, здольных цалкам прысвяціць сябе кананізацыйным працэсам, пакуль вельмі мала.

Большасць з іх адначасова выконвае душпастырскія, выкладчыцкія або адміністрацыйныя абавязкі. А працэсы беатыфікацыі патрабуюць амаль штодзённай і шматгадовай працы: аналізу архіваў, падрыхтоўкі дакументаў, кантактаў са Святым Пасадам і юрыдычнай каардынацыі. У выніку Касцёл у Беларусі часта вымушаны разлічваць на дапамогу замежных спецыялістаў.

Кракаў — важны партнёр Беларусі

Асаблівую ролю ў гэтым супрацоўніцтве адыгрывае Кракаўская архідыяцэзія, якая мае вялікі досвед у правядзенні беатыфікацыйных працэсаў.

Для Беларусі гэта не проста тэхнічная дапамога. Гэта прыклад сапраўднай касцельнай салідарнасці, калі больш дасведчаныя цэнтры дапамагаюць маладому Касцёлу адпавядаць высокім стандартам Апостальскай Сталіцы. Важную ролю таксама адыгрывае супрацоўніцтва з экспертамі з Італіі і Германіі, а таксама падтрымка Святога Пасада, які неаднаразова падкрэсліваў значэнне развіцця Касцёла ў Беларусі пасля дзесяцігоддзяў пераследу.

Беатыфікацыйныя працэсы — гэта не толькі даследаванне мінулага. Яны фарміруюць будучыню Касцёла. Кожная такая справа вучыць мясцовы Касцёл працаваць паводле міжнародных стандартаў, рыхтаваць новых спецыялістаў, развіваць гістарычную навуку і паглыбляць разуменне ўласнай духоўнай спадчыны.

Сёння Беларусь мае вялікі патэнцыял у гэтай сферы. Але для таго, каб мясцовы Касцёл мог самастойна весці складаныя кананізацыйныя працэсы на ўзроўні Святога Пасада, неабходна далейшая падрыхтоўка гісторыкаў, тэолагаў і асабліва спецыялістаў у Кананічным праве. Бо шлях да святасці ў Касцёле — гэта не толькі малітва і пабожнасць. Гэта яшчэ і сур’ёзная, прафесійная і вельмі адказная праца.

Беларусь у свеце: «Тэалагічны фронт»

 

Голас Беларусі ў Рыме

— На нядаўняй канферэнцыі ў Рыме Вы прадставілі даклад па «тэалогіі служэння» на аснове дыпломных прац беларускіх навучальных цэнтраў за апошнія 35 гадоў. Як міжнародная супольнасць рэагуе на беларускі досвед? Ці ўспрымаюць нас як самастойную інтэлектуальную адзінку, ці мы ўсё яшчэ знаходзімся ў ценю больш маштабных суседніх тэалагічных школ?

— Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму цяжка было ўявіць, што беларускія тэолагі будуць выступаць на міжнародных акадэмічных форумах у Рыме, а досвед Касцёла ў Беларусі стане прадметам сур’ёзнай навуковай цікавасці. Сёння гэта ўжо рэальнасць.

Удзел беларускіх даследчыкаў у кангрэсах і міжнародных канферэнцыях сведчыць пра важную змену: Беларусь паступова пачынае ўспрымацца не толькі як «тэрыторыя місіі», але і як самастойны інтэлектуальны суб’ект у сучаснай каталіцкай тэалогіі.

Падчас майго выступлення на міжнароднай канферэнцыі ва Універсітэце «Antonianum» асаблівую цікавасць выклікаў феномен так званай «тэалогіі служэння» — тэалогіі, якае вырасла не ў стабільных акадэмічных умовах, а ў рэальнасці аднаўлення Касцёла пасля дзесяцігоддзяў савецкага атэізму.

Пасля распаду Савецкага Саюза Каталіцкі Касцёл у Беларусі фактычна пачынаў з нуля. Не хапала святароў, выкладчыкаў, катэхетаў і нават базавых адукацыйных структур. Адкрыццё семінарыі ў Гродне і стварэнне тэалагічных (катэхетычных) каледжаў у Гродне, Мінску і Баранавічах сталі не проста адукацыйнымі праектамі, але часткай вялікага працэсу «адбудовы Касцёла».

Менавіта ў гэтых цэнтрах пачала фарміравацца беларуская тэалагічная школа. І хоць першыя гады былі звязаныя найперш з выжываннем і падрыхтоўкай неабходных кадраў, паступова з’явілася нешта больш глыбокае — спроба асэнсаваць беларускі досвед праз мову тэалогіі. Сёння гэты працэс ужо заўважаюць у міжнароднай акадэмічнай прасторы.

Для заходніх тэалагічных цэнтраў Беларусь выглядае адмысловым выпадкам. Тут Касцёл развіваўся ва ўмовах доўгай ізаляцыі, жыцця ў праваслаўным асяроддзі, культурнай шматслойнасці і постсавецкай секулярызацыі. Менавіта таму беларускі досвед успрымаецца як новы і каштоўны голас для сусветнай тэалогіі. У рымскіх акадэмічных колах асаблівую ўвагу выклікае тое, што беларуская тэалогія мае выразны практычны і душпастырскі характар. Гэта не тэалогія «для архіваў», а тэалогія, якая нараджаецца з рэальных патрэб людзей і жыцця мясцовага Касцёла.

Ксёндз Яўген Вінтоў падчас канферэнцыі ў Рыме
Ксёндз Яўген Вінтоў падчас канферэнцыі ў Рыме

Даследаванні, прадстаўленыя беларускімі навукоўцамі, паказваюць, што тэалогія ў Беларусі была непасрэдна звязаная з аднаўленнем парафій, фармацыяй моладзі, падтрымкай сем’яў, катэхізацыяй і захаваннем гістарычнай памяці.

Натуральна, што беларускія тэалагічныя цэнтры доўгі час развіваліся пад моцным уплывам польскіх і іншых еўрапейскіх акадэмічных школ. Многія святары і выкладчыкі атрымлівалі і атрымліваюць адукацыю ў Польшчы, Італіі ці Германіі. Аднак сёння сітуацыя паступова змяняецца.

Калі раней Беларусь успрымалася хутчэй як «вучань», то цяпер усё часцей гаворка ідзе пра раўнапраўны дыялог. У міжнародных дыскусіях ужо не толькі пытаюцца, што Беларусь можа пераняць ад іншых, але і што яна сама можа прапанаваць сусветнай тэалогіі. І адказ паступова становіцца відавочным: беларускі Касцёл можа прапанаваць тэалогію служэння, тэалогію памяці і тэалогію надзеі, якая нарадзілася ў вельмі складаных гістарычных умовах.

Адна з галоўных асаблівасцей беларускага тэалагічнага асяроддзя — яго цесная сувязь з жыццём Касцёла. Большасць даследаванняў прысвечана не абстрактным тэмам, а канкрэтным праблемам: сям’і, катэхізацыі, літургіі, гісторыі мясцовых парафій, экуменізму, абароне жыцця або духоўнасці.

У гэтым праяўляецца тое, што ў Касцёле называецца «тэалогіяй служэння». Яна разумее тэолага не як прадстаўніка замкнёнай інтэлектуальнай эліты, а як чалавека, які служыць Касцёлу праз навуку, даследаванні і адукацыю. Гэта асабліва адчуваецца ў беларускім кантэксце, дзе тэалогія часта выконвае не толькі акадэмічную, але і культурную місію — дапамагае захоўваць і пераасэнсоўваць хрысціянскую ідэнтычнасць народа.

Разам з тым міжнародныя эксперты звяртаюць увагу і на праблемы. Найбольшая з іх — недахоп уласных навуковых кадраў. Беларускія тэалагічныя цэнтры ўсё яшчэ моцна залежаць ад замежнай адукацыі, міжнароднага супрацоўніцтва і падтрымкі іншых акадэмічных цэнтраў. Пытанне пра тое, ці здолее Беларусь у будучыні стварыць цалкам самастойную і стабільную тэалагічную школу, застаецца адкрытым. Аднак сам факт, што гэтае пытанне сёння абмяркоўваецца ў Рыме, ужо сведчыць пра многае.

Сусветная каталіцкая тэалогія паступова перастае быць выключна заходнееўрапейскай. Усё большую ролю пачынаюць адыгрываць лакальныя Касцёлы са сваім унікальным досведам, гісторыяй і культурнай памяццю. І ў гэтай новай «карце тэалогіі» Беларусь ужо займае сваё месца. Магчыма, пакуль яшчэ не самае высокае. Але ўжо выразнае і ўсё больш і больш упэўненае.

Стан «унутранага фронту»

— Вы актыўна выступаеце амбасадарам беларускай думкі за мяжой. А як выглядае сітуацыя на «тэалагічным фронце» ў самой Беларусі? Ці хапае нам сёння ўнутраных пляцовак для дыскусій, і як зрабіць так, каб каталіцкая тэалогія перастала быць закрытай дысцыплінай семінарый і стала часткай шырокага інтэлектуальнага жыцця краіны?

— За апошнія 35 гадоў Каталіцкі Касцёл у Беларусі прайшоў шлях, які яшчэ ў пачатку 1990-х здаваўся амаль немагчымым. Пасля дзесяцігоддзяў савецкага атэізму трэба было не проста аднавіць касцёлы і парафіі — неабходна было фактычна нанова стварыць інтэлектуальны фундамент Касцёла. Менавіта таму ў Беларусі пачаў фарміравацца своеасаблівы «ўнутраны тэалагічны фронт» — асяроддзе, якое павінна было не толькі рыхтаваць святароў і катэхетаў, але і дапамагаць Касцёлу думаць, аналізаваць і адказваць на выклікі часу.

Сёння ўжо можна сказаць: гэты фундамент створаны. Але галоўнае пытанне гучыць інакш — ці здолее беларуская тэалогія выйсці за межы семінарый і стаць часткай шырокага інтэлектуальнага жыцця краіны?

Пасля аднаўлення касцельных структур у Беларусі галоўнай задачай было выжыванне: не хапала святароў, выкладчыкаў, падручнікаў і адукацыйных цэнтраў. Менавіта таму адкрыццё семінарый у Гродне і Пінску стала падзеяй не толькі рэлігійнай, але і культурнай.

Асаблівую ролю адыграла семінарыя ў Гродне — сімвал інтэлектуальнага адраджэння Касцёла ў Беларусі. Тут пачалі фарміравацца новыя пакаленні святароў, якія ўжо не проста пераймалі замежны досвед, але імкнуліся асэнсаваць беларускую рэчаіснасць праз мову тэалогіі. Паралельна развіваліся тэалагічныя (катэхетычныя) цэнтры ў Гродне, Баранавічах і Мінску. Іх роля аказалася значна большай, чым проста падрыхтоўка катэхетаў. Яны сталі месцам, дзе тэалогія пачала сустракацца з жыццём канкрэтнага чалавека.

Духоўная семінарыя ў Гродне (vdsgrodna.by)
Духоўная семінарыя ў Гродне (vdsgrodna.by)

Асаблівасць беларускай тэалогіі ў тым, што яна амаль ніколі не была чыста акадэмічнай. Янавырастала з канкрэтных праблем: адсутнасці веры пасля савецкага перыяду, крызісу сям’і, эміграцыі моладзі, складаных адносін паміж традыцыяй і сучаснасцю.

Менавіта таму ў беларускіх тэалагічных даследаваннях так шмат увагі надаецца сям’і, гісторыі мясцовага Касцёла, катэхізацыі, духоўнасці і маральным выклікам сучаснасці. Гэтая «тэалогія служэння» можа выдавацца менш эфектнай, чым вялікія заходнія інтэлектуальныя школы, але менавіта яна робіць беларускі досвед унікальным. Бо тэалогія тут — гэта не толькі навука пра Бога. Гэта спроба дапамагчы чалавеку захаваць веру ў вельмі нестабільным свеце.

Нягледзячы на відавочны прагрэс, сёння беларуская тэалогія ўсё яшчэ застаецца даволі закрытай прасторай. Большасць навуковых прац чытаюць толькі ўнутры касцельных устаноў. Шмат каштоўных даследаванняў практычна не выходзіць у шырокую грамадскую дыскусію. І гэта — адзін з галоўных выклікаў будучыні. Калі тэалогія хоча быць жывой, яна павінна навучыцца гаварыць не толькі са святарамі і студэнтамі семінарый, але і з журналістамі, гісторыкамі, псіхолагамі, юрыстамі, моладдзю і людзьмі, якія знаходзяцца далёка ад Касцёла.

Сёння відавочна, што беларускаму Касцёлу патрэбна новая культура тэалагічнай прысутнасці ў грамадстве.

Перш за ўсё — развіццё міждысцыплінарнасці. Тэалогія павінна ўступаць у дыялог з сацыялогіяй, культуралогіяй, медыя, псіхалогіяй і нават сучаснымі лічбавымі тэхналогіямі. Без гэтага яна рызыкуе застацца толькі «ўнутранай мовай» для вузкага кола людзей.

Другое — папулярызацыя тэалогіі праз сучасныя медыя. Сёння малады чалавек значна часцей шукае адказы ў YouTube, TikTok або падкасце, чым у бібліятэцы. І калі Касцёл не будзе прысутнічаць у гэтай прасторы інтэлектуальна і прафесійна, яе запоўняць іншыя.

Беларускай тэалогіі патрэбныя:

- папулярна-навуковыя артыкулы;

- аналітычныя YouTube-праекты;

- дыскусійныя клубы;

- адкрытыя лекцыі;

- каталіцкія падкасты;

- супрацоўніцтва з універсітэтамі і незалежнымі інтэлектуальнымі цэнтрамі.

Інакш кажучы, тэалогія павінна выйсці з аўдыторый у публічную прастору.

Ці магчымая «беларуская тэалагічная школа»?

Сёння ўжо можна казаць, што Беларусь паступова набліжаецца да стварэння ўласнай тэалагічнай школы. Не ў сэнсе ізаляцыі ад універсальнага Касцёла, а ў сэнсе здольнасці асэнсоўваць веру праз уласны гістарычны і культурны досвед. Беларуская тэалогія можа быць цікавай свету менавіта сваёй увагай да:

- тэалогіі памяці;

- жыцця Касцёла пасля пераследу;

- экуменічнага досведу;

- служэння ў секулярызаваным грамадстве;

- духоўнасці надзеі ў крызісныя часы.

- І, што цікава, гэта ўжо заўважаюць у міжнародных акадэмічных колах.

Самая вялікая памылка — думаць, што развіццё тэалогіі залежыць толькі ад семінарый або біскупаў. Без свецкіх інтэлектуалаў, журналістаў, гісторыкаў, выкладчыкаў і людзей культуры беларуская тэалогія не стане паўнавартаснай часткай жыцця грамадства. Бо тэалогія — гэта не толькі пра кнігі і дысертацыі. Гэта пра здольнасць Касцёла адказваць на пытанні чалавека XXI стагоддзя: пра сэнс жыцця, свабоду, годнасць, праўду, сям’ю, вайну, страх і надзею. 

І калі Касцёл у Беларусі навучыцца гаварыць пра гэта сучаснай мовай — тады тэалогія сапраўды стане не толькі навучальнай дысцыплінай, але часткай жывога культурнага і інтэлектуальнага жыцця краіны.

Марыялогія: паміж догматам і містыкай

 

Народная пабожнасць і навука

— Ксёндз Яўген, марыялогія — адна з магістральных тэм вашай навуковай працы. У Беларусі мы бачым вельмі багатую і шчырую марыйную пабожнасць, якая ў санктуарыях Будслава, Браслава, Тракеляў, Лагішына ці Бялынічаў выяўляецца праз прыгожую абраднасць і глыбокае пачуццё. Як ваша даследчыцкая дзейнасць дапамагае спалучаць гэтую народную любоў з патрабаваннямі дагматычнай строгасці? Ці можа тэалогія стаць тым інтэлектуальным падмуркам, які дапаможа пачуццю верніка стаць яшчэ больш свядомым і трывалым?

— Беларусь цяжка ўявіць без марыйнай духоўнасці. Для тысяч вернікаў Нацыянальны санктуарый у Будславе, а таксама санктуарыі ў Бялынічах, Тракелях, Браславе або Гудагаі — гэта не проста месцы пілігрымак. Гэта прастора памяці, надзеі і духоўнага ўзмацнення народа.

Менавіта праз марыйную пабожнасць многія беларусы захоўвалі веру ў часы пераследу, атэізму і гістарычных трагедый. І таму марыялогія ў Беларусі — гэта значна больш, чым вузкая тэалагічная дысцыпліна. Гэта своеасаблівы мост паміж сэрцам народа і інтэлектуальнай традыцыяй Касцёла.

Аднак сёння перад беларускім Касцёлам паўстае важнае пытанне: як захаваць жывую народную любоў да Маці Божай і адначасова дапамагчы гэтай пабожнасці стаць больш свядомай, глыбокай і тэалагічна сталай?

Падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай
Падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай

Даследаванне развіцця марыйнага культу ў Беларусі пасля 1991 года паказвае, што адраджэнне Касцёла фактычна ішло праз адраджэнне марыйнай пабожнасці. Пілігрымкі, каранацыі цудадзейных абразоў, ружанцовыя рухі, фацімская духоўнасць, марыйныя фэсты і нават каталіцкія медыя — усё гэта стала часткай новага рэлігійнага ландшафту Беларусі. Асаблівую ролю ў гэтым адыгралі каталіцкія выданні: «Наша вера», «Ave Maria», «Каталіцкі веснік», «Слова жыцця».

Менавіта праз гэтыя медыя фарміравалася сучасная беларуская марыйная культура — ад багаслоўскіх артыкулаў да сведчанняў простых пілігрымаў. І тут узнікае вельмі цікавы феномен: беларуская пабожнасць да Маці Божай аказалася не толькі эмацыйнай, але і глыбока культурнай. Яна праявілася ў літаратуры, паэзіі, музыцы, мастацтве, гербах гарадоў і нават у грамадскай памяці народа.

Ці патрэбна тэалогія простаму верніку?

На першы погляд можа здавацца, што простаму чалавеку дастаткова маліцца, пілігрымаваць і запальваць свечкі перад абразом Маці Божай. Навошта тут складаная тэалогія і дагматыка? Але менавіта тут адкрываецца сапраўдны сэнс марыялогіі. Бо тэалогія не знішчае народную пабожнасць — яна абараняе яе ад павярхоўнасці і дапамагае чалавеку глыбей зразумець тое, што ён ужо адчувае сэрцам.

Калі беларуская бабуля моліцца перад абразом Будслаўскай Маці Божай, яна, магчыма, не выкарыстоўвае тэрміны «Божае мацярынства» або «хрыстацэнтрычнасць марыялогіі». Але тэалогія дапамагае растлумачыць, чаму гэтая малітва мае глыбокі сэнс у святле ўсёй гісторыі збаўлення.

Інакш кажучы, дагматыка дапамагае чалавеку зразумець, што яго любоў да Марыі абапіраецца не толькі на эмоцыі або традыцыю, але і на фундаментальныя ісціны веры.

Адна з галоўных задач каталіцкай марыялогіі — захаваць правільны баланс паміж народнай пабожнасцю і вучэннем Касцёла. Таму тэалогія пастаянна падкрэслівае: усе прывілеі Марыі заўсёды вядуць да Хрыста, а не аддаляюць ад Яго. Менавіта гэтая перспектыва дазваляе пазбегнуць дзвюх крайнасцей: халоднай інтэлектуальнай веры без любові або эмацыйнай пабожнасці без тэалагічнага падмурку.

У беларускім кантэксце гэта асабліва важна. Бо народная пабожнасць у нас вельмі моцная і жывая. Але без сур’ёзнай катэхізацыі яна можа стаць толькі традыцыяй або фальклорам. Тэалогія ж дапамагае паказаць, што Марыя — не проста «блізкі сэрцу вобраз», а ўдзельніца таямніцы збаўлення, Маці Касцёла і ўзор веры для сучаснага чалавека.

Будслаў — больш чым пілігрымка

Феномен Будслаўскага фэсту добра паказвае, як у Беларусі пераплятаюцца вера, культура і тэалогія. Для адных Будслаў — гэта пешая пілігрымка і малітва. Для іншых — сімвал беларускай каталіцкай ідэнтычнасці. Для даследчыкаў — унікальны прыклад таго, як народная пабожнасць здольная захоўваць веру нават пасля дзесяцігоддзяў атэізму.

І менавіта тут марыялогія атрымлівае асаблівае значэнне. Яна дапамагае не проста апісваць рэлігійныя эмоцыі, але інтэрпрэтаваць іх у святле Евангелля і вучэння Касцёла.

Абраз Маці Божай Будслаўскай
Абраз Маці Божай Будслаўскай   (catholic.by)

Сёння беларуская марыйная духоўнасць уваходзіць у новую эпоху. Маладое пакаленне ўжо не чытае доўгія тэалагічныя трактаты. Яно жыве ў свеце Instagram, YouTube і TikTok. І тут перад Касцёлам паўстае вельмі сур’ёзны выклік: як перакласці багатую марыйную традыцыю Беларусі на сучасную мову?

Магчыма, будучыня беларускай марыялогіі — гэта:

- кароткія адукацыйныя відэа пра беларуськія санктуарыі;-

- падкасты пра гісторыю цудадзейных абразоў;

- папулярна-навуковыя праекты пра марыйную сімволіку ў беларускай культуры;

- сучасныя медыяпраекты пра санктуарыі і беларускія пілігрымкі;

- дыялог тэалогіі з мастацтвам, музыкай і моладзевай культурай.

Бо калі Касцёл не будзе гаварыць сучаснай мовай, прастору духоўнасці запоўняць павярхоўныя інтэрнэт-міфы і псеўдарэлігійнасць.

Галоўная каштоўнасць беларускай марыялогіі — у яе здольнасці аб’ядноўваць сэрца і розум. Народная пабожнасць без тэалогіі можа стаць эмацыйнай і нестабільнай. Але тэалогія без жывой веры рызыкуе ператварыцца ў сухую акадэмічную сістэму. Беларускі досвед паказвае нешта вельмі важнае: вера народа становіцца па-сапраўдную моцнай тады, калі прыгожая малітва сустракаецца з глыбокім разуменнем.

І, магчыма, менавіта ў гэтым заключаецца адна з галоўных місій марыялогіі ў Беларусі — зрабіць веру не толькі шчырай і прыгожай, але таксама свядомай, інтэлектуальна сталай і здольнай адказваць на выклікі сучаснага свету.

Марыя як інтэлектуальны адказ на выклікі часу

— Сёння ў свеце шмат дыскутуецца пра ролю жанчыны і мацярынства. Ці бачыце вы ў марыялогіі ключ да асэнсавання гэтых тэм у сучасным грамадстве? Наколькі вучэнне аб Маці Божай можа быць актуальным не толькі для «ўнутранага карыстання» ў Касцёле, але і як голас у шырокай грамадскай дыскусіі?

— Сёння ў свеце сапраўды вядзецца шмат дыскусій пра ролю жанчыны, мацярынства, сям’ю і чалавечую годнасць. Пры гэтым нярэдка гэтыя дыскусіі адбываюцца ў вельмі палярызаванай форме: з аднаго боку — імкненне цалкам сцерці розніцу паміж мужчынам і жанчынай, а з другога — спробы звесці ролю жанчыны выключна да сацыяльных або біялагічных функцый. І менавіта тут, на маю думку, марыялогія можа стаць вельмі важным інтэлектуальным і духоўным адказам на выклікі сучаснасці.

Марыя ў хрысціянскай традыцыі — гэта не вобраз пасіўнасці або «маўклівай пабожнасці», як часам спрабуюць яе прадставіць. Наадварот, Касцёл бачыць у ёй моцную, свабодную і духоўна сталую асобу, якая свядома прымае адказнасць за свой выбар. Яе «fiat» — «няхай так станецца» — гэта не знак слабасці, а прыклад унутранай свабоды і даверу Богу.

Таму марыялогія сёння можа прапанаваць вельмі важны погляд на жанчыну і мацярынства. Яна паказвае, што сапраўдная годнасць жанчыны не вымяраецца выключна прафесійным поспехам, сацыяльным статусам або ступенню незалежнасці. У постаці Марыі жанчына адкрываецца як асоба, здольная любіць, захоўваць вернасць, прымаць жыццё і быць крыніцай надзеі для іншых.

Начная працэсія ў Будславе
Начная працэсія ў Будславе

Асабліва актуальнай гэтая тэма становіцца ў кантэксце крызісу мацярынства. Сёння мацярынства часта падаецца як цяжар або перашкода для самарэалізацыі. Марыялогія прапануе зусім іншы погляд: мацярынства — гэта не абмежаванне, а вялікі дар і форма ўдзелу чалавека ў Божым плане жыцця. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра фізічнае мацярынства, але і пра духоўную здольнасць жанчыны клапаціцца, падтрымліваць, захоўваць чалавечнасць у грамадстве.

У беларускім кантэксце асаблівую ролю мае тытул Маці Міласэрнасці, вельмі блізкі нашай духоўнай традыцыі праз гісторыю і шматлікія марыйныя санктуарыі Беларусі. У свеце, які становіцца ўсё больш і больш жорсткім, стомленым і агрэсіўным, вобраз Маці Міласэрнасці нагадвае пра каштоўнасць спачування, прабачэння і клопату пра чалавека. І гэта ўжо не толькі «ўнутрыкасцельная» тэма, але важны голас у грамадскай дыскусіі пра тое, якім павінна быць сучаснае грамадства.

Мне здаецца, што сёння свет мае патрэбу ў марыялогіі менавіта таму, што яна вяртае чалавеку цэласны погляд на асобу. Марыя вучыць, што чалавек — гэта не толькі функцыя, не толькі спажывец і не толькі ўдзельнік эканамічных працэсаў. Чалавек — гэта асоба, пакліканая да любові, адносін і адказнасці.

Таму вучэнне аб Маці Божай можа быць вельмі актуальным і па-за межамі Касцёла. Яно дапамагае весці размову пра чалавечую годнасць, ролю жанчыны, абарону жыцця, культуру міласэрнасці і будучыню сям’і. І, магчыма, менавіта ў гэтым заключаецца адна з галоўных місій сучаснай марыялогіі — быць не толькі тэалогіяй пра Марыю, але і важным словам пра чалавека ў эпоху глыбокага антрапалагічнага крызісу.

Асабісты вектар

 

Навуковая дыстанцыя і святарскі досвед

— Ваша навуковая дзейнасць ва Універсітэце Вышынскага ў Варшаве дазваляе бачыць працэсы ў Беларусі з пэўнай адлегласці. Ці дапамагае гэты «позірк здалёк» лепш разумець перспектывы нашага Касцёла? Што для вас з’яўляецца прыярытэтам: навуковы пошук ісціны ці адказнасць за захаванне той спадчыны, якую вы даследуеце?

— Навука і дыдактычная практыка ва Універсітэце Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве сапраўды даюць мне магчымасць глядзець на беларускі Касцёл крыху з іншага ракурсу. І, шчыра кажучы, гэты «позірк здалёк» вельмі дапамагае. Калі знаходзішся ўнутры нейкага працэсу штодня, часам цяжка заўважыць больш шырокую перспектыву. Дыстанцыя ж дазваляе не толькі аналізаваць беларускую рэчаіснасць, але і параўноўваць яе з тым, што адбываецца ў іншых краінах, у еўрапейскім акадэмічным асяроддзі і ў жыцці паўсюднага Касцёла.

Менавіта таму досвед працы ў міжнародным навуковым кантэксце стаў для мяне вельмі каштоўным. Удзел і прысутнасць у структурах Тавараства тэолагаў дагматыкаў і Польскага таварыства марыёлагаў, супрацоўніцтва з тэолагамі, даследчыкамі і выкладчыкамі дазваляюць убачыць, што беларуская тэалогія ўжо не ўспрымаецца як нешта «правінцыяльнае» або выключна лакальнае. Наадварот, сёння ўсё больш людзей у міжнародных колах цікавіцца беларускім досведам Касцёла, асабліва тым, як вера захоўвалася пасля дзесяцігоддзяў атэізму і як марыйная духоўнасць дапамагала людзям не страціць надзею.

Гэтая дыстанцыя таксама вучыць аб’ектыўнасці. Яна дапамагае пазбягаць празмернай эмацыянальнасці і канцэнтрацыі выключна на лакальных праблемах. Калі глядзіш на Беларусь з больш шырокага еўрапейскага кантэксту, пачынаеш лепш бачыць не толькі нашы цяжкасці, але і вялікі патэнцыял. Мы часта самі не заўважаем, якой багатай духоўнай і інтэлектуальнай спадчынай валодаем.

Ксёндз Яўген Вінтоў
Ксёндз Яўген Вінтоў

І тут узнікае другое важнае пытанне: што для мяне больш істотнае — навуковы пошук ісціны ці адказнасць за захаванне спадчыны, якую даследую?

Насамрэч я не бачу паміж імі супярэчнасці. Для тэолага пошук ісціны і ёсць формай служэння спадчыне. Бо сапраўдная любоў да ўласнай традыцыі не можа будавацца на ідэалізацыі або замоўчванні праблем. Наадварот — толькі сумленны і глыбокі аналіз дазваляе гэтай спадчыне заставацца жывой і актуальнай. Таму для мяне вельмі важна, каб даследаванне беларускай тэалогіі, марыйнай духоўнасці або гісторыі Касцёла не ператваралася толькі ў архіўную працу. Спадчыну трэба не проста «захоўваць у музеі», але асэнсоўваць і перакладаць на мову сучаснага чалавека.

Асабліва гэта датычыць марыйнай духоўнасці Беларусі. Калі даследуеш феномен Будслаўскага фэсту, гісторыю беларускіх санктуарыяў або народную пабожнасць, вельмі хутка разумееш: гаворка ідзе не толькі пра мінулае. Гэта частка жывой ідэнтычнасці народа. І задача тэолага — дапамагчы гэтай духоўнай спадчыне не згубіцца ў сучасным свеце.

Мне вельмі блізкая думка, што тэалогія павінна быць мостам паміж навукай і жыццём Касцёла. Тэолаг не можа жыць выключна ў акадэмічных дыскусіях. Яго задача — дапамагаць людзям разумець веру, перакладаць складаныя дагматычныя ісціны на мову, зразумелую сучаснаму чалавеку, і адначасова будаваць інтэлектуальны фундамент для будучыні Касцёла.

Таму мой асабісты вектар — гэта спалучэнне акадэмічнай строгасці з адказнасцю за беларускую духоўную і культурную спадчыну. Бо без праўды спадчына ператвараецца ў міф, а без любові да спадчыны навука становіцца халоднай і адарванай ад жыцця. І, магчыма, менавіта ў пошуку гэтай раўнавагі сёння нараджаецца сапраўдная беларуская тэалогія.

Замест пасляслоўя

 

Значэнне памяці

— Калі б працэсы беатыфікацыі біскупа Лазінскага і Эдварда Вайніловіча завяршыліся ў бліжэйшай перспектыве, які імпульс гэта магло б даць усяму беларускаму грамадству ў справе асэнсавання ўласнай гісторыі і ідэнтычнасці?

— Калі працэсы беатыфікацыі біскупа Зыгмунта Лазінскага і Эдварда Вайніловіча завяршыліся б у бліжэйшай перспектыве, гэта мела б значэнне значна шырэйшае, чым толькі ўнутрыкасцельная падзея. Насамрэч гаворка ішла б пра вельмі важны імпульс для ўсяго беларускага грамадства — у справе асэнсавання ўласнай гісторыі, ідэнтычнасці і духоўных каранёў.

Бо беатыфікацыя — гэта не проста «ўшанаванне мінулага». Гэта заўсёды пытанне пра тое, каго грамадства лічыць сваімі сапраўднымі героямі і на якіх каштоўнасцях хоча будаваць будучыню.

Беларуская гістарычная памяць вельмі часта канцэнтруецца вакол трагедый: войнаў, рэпрэсій, страт, падзелаў і пераследу. І гэта натуральна, бо наша гісторыя сапраўды была драматычнай.

Але беатыфікацыя такіх асоб, як біскуп Зыгмунт Лазінскі або Эдвард Вайніловіч, дазволіла б убачыць у беларускай гісторыі нешта не менш важнае — перамогу духу, вернасці і адказнасці.

Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі — гэта прыклад пастыра, які заставаўся верным Касцёлу нават у часы пераследу і палітычнай нестабільнасці. Ён будаваў Касцёл не праз канфрантацыю, а праз служэнне, адукацыю і вернасць чалавеку.

У сваю чаргу свецкі вернік Слуга Божы Эдвард Вайніловіч паказвае зусім іншы, але не менш важны тып святасці — святасць свецкага чалавека, які спалучаў веру, патрыятызм, сацыяльную адказнасць і культуру служэння грамадству. І гэта вельмі важны сігнал для сучаснай Беларусі.

У грамадскай свядомасці святыя часта ўспрымаюцца выключна як людзі малітвы або манастырскай цішыні. Але гісторыя Лазінскага і Вайніловіча паказвае, што святасць можа праяўляцца таксама ў палітыцы, культуры, адукацыі і грамадскай адказнасці. Менавіта таму іх беатыфікацыя магла б стаць важным маральным арыенцірам для сучаснага грамадства.

Копіі марыйных абразоў з Беларусі падчас выстаўлення ў Ватыкане
Копіі марыйных абразоў з Беларусі падчас выстаўлення ў Ватыкане

Сёння Беларусь, як і ўся Еўропа, перажывае крызіс аўтарытэтаў. Людзі стаміліся ад цынізму, палітычнай агрэсіі і недаверу. У гэтым кантэксце прыклад асоб, якія жылі не дзеля асабістай выгады, а дзеля служэння іншым, выглядае асабліва актуальным. Бо святыя — гэта не толькі «людзі алтара». Гэта яшчэ і людзі, якія паказваюць, што маральнасць і адказнасць магчымыя нават у вельмі складаных гістарычных умовах.

Вельмі важна і тое, што самі працэсы беатыфікацыі ўжо сёння ўплываюць на развіццё беларускай гістарычнай навукі і культуры. Кожны такі працэс патрабуе архіўных даследаванняў, вывучэння дакументаў, навуковых канферэнцый, працы гісторыкаў, тэалагічнага аналізу, публікацыі крыніц. Фактычна Касцёл стварае цэлую культуру працы з памяццю.

І гэта мае вялікае значэнне для Беларусі, дзе многія старонкі гісторыі доўгі час заставаліся забытымі або скажонымі.

Вайніловіч і Лазінскі — два вобразы беларускай эліты

Асабліва цікава, што гэтыя дзве постаці прадстаўляюць два вельмі важныя вымярэнні беларускай ідэнтычнасці. Біскуп Лазінскі — гэта вобраз духоўнай эліты, інтэлектуальнай і пастырскай адказнасці. Вайніловіч — прыклад каталіцкай інтэлігенцыі і грамадзянскай эліты, якая разумела ўладу і багацце не як прывілей, а як форму служэння.

Для сучаснага грамадства гэта вельмі важнае пасланне. Бо сёння Беларусь асабліва востра мае патрэбу ў людзях, здольных сумяшчаць прафесіяналізм, маральнасць і пачуццё адказнасці за краіну.

Важна разумець: беатыфікацыя гэтых асоб магла б мець значэнне не толькі для католікаў. І Лазінскі, і Вайніловіч у сваёй дзейнасці імкнуліся будаваць дыялог, падтрымліваць людзей незалежна ад нацыянальнасці або канфесіі. Менавіта таму іх постаці могуць стаць своеасаблівым мостам паміж рознымі часткамі беларускага грамадства. У краіне, дзе тэма гістарычнай памяці часта выклікае падзелы, такія асобныя постаці могуць стаць прыкладам таго, што агульную будучыню можна будаваць на падмурку агульных маральных каштоўнасцяў.

Ёсць яшчэ адзін вельмі важны аспект. Паспяховае завяршэнне гэтых працэсаў стала б знакам сталасці мясцовага Касцёла. Бо беатыфікацыя — гэта не толькі духоўная падзея, але і вялікая інтэлектуальная, юрыдычная і арганізацыйная праца. Яна патрабуе гісторыкаў, тэолагаў, кананістаў, міжнароднага супрацоўніцтва і высокага прафесіяналізму. Фактычна гэта сведчанне таго, што беларускі Касцёл ужо здольны не толькі захоўваць памяць пра сваіх сведак веры, але і прадстаўляць іх усяму паўсюднаму Касцёлу.

І, магчыма, самае галоўнае: беатыфікацыя Лазінскага і Вайніловіча дапамагла б беларусам убачыць, што наша зямля — гэта не толькі тэрыторыя трагедый і выпрабаванняў, але таксама зямля людзей вялікага духу, веры і святасці.

Размаўляў ксёндз Аляксандр Амяльчэня

 

01 чэрвеня 2026, 08:41