Пошук

Падчас сустрэчы кардынала Клаўдыё Гуджэроці з праваслаўным Патрыярхам і Каталікосам Эфіопіі Абунам Маціясам Падчас сустрэчы кардынала Клаўдыё Гуджэроці з праваслаўным Патрыярхам і Каталікосам Эфіопіі Абунам Маціясам 

Эфіопія: прадстаўнік Папы наведаў паранены вайной Тыграй

Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў кардынал Клаўдыё Гуджэроці распачаў душпастырскі візіт у Эфіопію, прысвечаны міжрэлігійнаму дыялогу і падтрымцы пацярпелых ад вайны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы прыбыў у краіну 1 чэрвеня 2026 года. Галоўная мэта яго шматдзённага падарожжа – падтрымаць Эфіопскую Каталіцкую Царкву александрыйскага абраду.

Візіт пачаўся ў Аддзіс-Абебе з наведвання каталіцкай катэдры Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і адразу акрэсліў важнасць экуменічнага і міжрэлігійнага супрацоўніцтва.

2 чэрвеня 2026 года кардынал Гуджэроці сустрэўся з праваслаўным Патрыярхам і Каталікосам Эфіопіі Абунам Маціясам. Бакі абмеркавалі глыбокую трывогу з прычыны ваенных канфліктаў у свеце. Ватыканскі госць перадаў праваслаўнаму лідару прывітанне ад Льва XIV і падарыў памятны медаль першага года яго пантыфікату. Патрыярх адзначыў выдатныя адносіны паміж супольнасцямі і назваў Рымскі Касцёл лідарам сусветнага хрысціянства, які вядзе за сабой у духу любові і мудрасці.

3 чэрвеня 2026 года прэфект накіраваўся на поўнач краіны, у рэгіён Тыграй. У вёсцы Негаш ён наведаў мячэць Аль-Неджашы – знакавае месца для ісламу, звязанае з каралём Аксума, які калісьці даў прытулак першым паслядоўнікам Мухамеда. Сустрэча з імамам пацвердзіла трывалыя прыязныя адносіны паміж мясцовымі католікамі і мусульманамі. Пасля гэтага кардынал Гуджэроці прыбыў у горад Адыграт, дзе далучыўся да свята ў каталіцкай катэдры разам з праваслаўнымі вернікамі.

Візіт стаў моцным знакам салідарнасці з рэгіёнам Тыграй, які пасля жорсткай вайны 2020-2022 гадоў пакутуе ад наступстваў насілля, разбурэнняў і цяжкага сацыяльна-эканамічнага крызісу.

Пастырскае падарожжа ватыканскага іерарха працягнецца да 12 чэрвеня 2026 года і завершыцца выніковай сустрэчай з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Эфіопіі.
 

05 чэрвеня 2026, 11:25