Пошук

2025.06.27 Santa Messa con Ordinazioni Sacerdotali

Незвычайныя шляхі да алтара: 428 новых святароў у ЗША

Сёлета ў Злучаных Штатах святарскае пасвячэнне прымуць 428 мужчын. Новыя даныя сведчаць пра адметную разнастайнасць шляхоў і жыццёвага вопыту будучых душпастыраў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цэнтр даследаванняў апостальскай дзейнасці пры Джорджтаўнскім універсітэце (CARA) у супрацоўніцтве з епіскапатам ЗША апублікаваў вынікі агульнанацыянальнага апытання. Паводле дакумента, колькасць кандыдатаў на пасвячэнне вырасла на 23 чалавекі ў параўнанні з 2025 годам.

Абрады пасвячэння традыцыйна адбудуцца каля 29 чэрвеня, калі Касцёл адзначае ўрычыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Большасць будучых святароў, а менавіта 81 працэнт, – дыяцэзіяльныя, а 19 працэнтаў належаць да манаскіх супольнасцей. Навучанне кандыдатаў пераважна праходзіла ў семінарыях Сярэдняга Захаду.

Ад прафесійнай кар'еры да Божага закліку

Гісторыі паклікання сведчаць, што шлях да алтара рэдка быў простым і лінейным. Каталіцкі інтэрнэт-партал "OSV News" паведамляе, што многія будучыя нэапрэзбітэры паспелі набыць прафесійны вопыт або вучыліся ў зусім іншых сферах перад тым, як усвядомілі свой духоўны выбар.

Імпульсам да прыняцця рашэння часта станавіліся глыбокая малітва, сямейныя выпрабаванні ці ўдзел у моладзевых рэкалекцыях. Першыя думкі пра святарства з'яўляліся ў хлопцаў у сярэднім у 16 гадоў, хоць сярэдні ўзрост прыняцця пасвячэння складае каля 33 гадоў. Велізарную ролю адыграла і парафіяльнае жыццё, дзе будучыя святары служылі міністрантамі ці ўдзельнічалі ў малітоўных групах.

Статыстычны партрэт будучых душпастыраў

Даследаванне адлюстроўвае шырокую этнічную і сацыяльную разнастайнасць сярод кандыдатаў. Сярод іх 62 працэнта складаюць белыя, 17 працэнтаў – лацінаамерыканцы, 11 працэнтаў маюць азіяцкае паходжанне, а 5 працэнтаў – афраамерыканцы. Каля траціны будучых святароў нарадзіліся за мяжой, часцей за ўсё ў В'етнаме, Мексіцы і Калумбіі, і прыбылі в краіну ў маладым узросце.

Больш за 60 працэнтаў кандыдатаў ужо мелі вышэйшую адукацыю, а дзве траціны атрымалі прафесійны вопыт яшчэ да паступлення ў семінарыю. Большасць з іх адзначылі, што на шляху да паклікання атрымалі моцную падтрымку ад сваіх сем’яў, сяброў і святароў.
 

23 чэрвеня 2026, 12:45