Сям'я мігрантаў самастойна вяртаецца ў Мексіку пасля затрыманняў у Тэхасе Сям'я мігрантаў самастойна вяртаецца ў Мексіку пасля затрыманняў у Тэхасе  (REUTERS)

"Тыдзень рэлігійнай свабоды": заклік біскупаў Амерыкі

Каталіцкія біскупы Злучаных Штатаў Амерыкі падчас “Тыдня рэлігійнай свабоды” звярнулі ўвагу на правы мігрантаў, бяспеку вернікаў і абарону традыцыйных каштоўнасцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэтая маштабная касцельная ініцыятыва распачалася 22 чэрвеня 2026 года, у дзень успаміну святых Томаса Мора і Яна Фішэра. Як адзначае Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў Амерыкі, свабода веры дазваляе супольнасцям публічна служыць грамадству.

Першы дзень быў прысвечаны малітве аб спыненні палітычнага і антырэлігійнага насілля. Біскупы занепакоены тым, што палярызацыя ператвараецца ў напады, а нянавісць становіцца часткай палітычнай ідэнтычнасці. Таму яны заклікалі дзяржаўнае кіраўніцтва падтрымліваць мір і грамадскую згоду.

Асобны акцэнт сёлета зроблены на дапамозе тым, хто вымушаны пакінуць сваю Радзіму.

Малітоўная інтэнцыя на 23 чэрвеня 2026 года прысвечана правам мігрантаў. Пастыры Амерыкі просяць аб малітве, каб прыбылыя з розных краін маглі карыстацца сакрамэнтамі і бяспечна аддаваць пашану Богу. Біскупы адзначаюць, што дзеянні амерыканскай улады ўплываюць на рэлігійная жыццё людзей, выклікаючы страх перад удзелам у набажэнствах і абмяжоўваючы доступ да рэлігійнага служэння ў цэнтрах утрымання.

Наступныя дні Тыдня прысвечаны малітве за хрысціян у Афрыцы і іншых рэгіёнах, дзе ў выніку дзейнасці экстрэмістаў адбываюцца забойствы і выкраданні.

Амерыканскія біскупы таксама выступаюць у абарону права бацькоў на выбар школы і выхаванне дзяцей у згодзе з уласнымі перакананнямі. У адказ на гендарную ідэалогію яны заклікаюць да цярплівага тлумачэння касцельнага вучэння аб любові, сексуальнасці і чалавеку. Рэлігійная свабода застаецца галоўнай умовай для таго, каб вернікі маглі служыць агульнаму дабру.
 

23 чэрвеня 2026, 12:00