Імша на мяжы Мексікі і ЗША ў памяць пра мігрантаў, якія загінулі падчас падарожжа ў Злучаныя Штаты Імша на мяжы Мексікі і ЗША ў памяць пра мігрантаў, якія загінулі падчас падарожжа ў Злучаныя Штаты  (REUTERS)

Епіскапат ЗША падрыхтаваў набажэнства ў гонар мігрантаў

Каталіцкі епіскапат Злучаных Штатаў Амерыкі апублікаваў тэкст нацыянальнага набажэнства ў гонар мігрантаў, уцекачоў і ахвяр рабства да 250-годдзя краіны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тэкст малітоўнага дапаможніка пад назвай "Шлях да справядлівасці: Нацыянальнае набажэнства ў гонар шматлікіх падарожжаў, якія сфарміравалі Амерыку" з'явіўся на старонцы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў.

Тэкст, падрыхтаваны Камітэтам па міграцыі і Падкамітэтам па развіцці расавай справядлівасці і прымірэння, даступны таксама на іспанскай мове Яго мэта – ушанаваць розныя супольнасці, якія накіраваліся ў краіну ў пошуках надзеі, бяспекі і магчымасцей. Адначасова ініцыятыва прызнае пакуты і ўнёсак тых, хто быў дастаўлены на гэтую зямлю прымусова.

Гісторыя краіны складаецца з мільёнаў лёсаў, дзе пераплятаюцца надзея і пакуты.

Паводле даных Інстытута міграцыйнай палітыкі, каля 100 мільёнаў чалавек імігравалі ў краіну з моманту заканчэння Амерыканскай рэвалюцыі ў 1783 годзе. Сёння там пражывае больш за 50 мільёнаў мігрантаў. Аднак епіскапат звяртае ўвагу і на гістарычныя раны. З 12-20 мільёнаў афрыканцаў, прымусова вывезеных падчас трансатлантычнага гандлю рабамі, каля 500 тысяч патрапілі на тэрыторыю сучасных Злучаных Штатаў.

У нядаўна апублікаванай энцыкліцы "Magnifica humanitas" Папа Леў XIV выказаў просьбу аб прабачэнні за тое, што Касцёл са спазненнем прызнаў зло рабства, назваўшы яго ранай у хрысціянскай памяці. Пантыфік таксама асудзіў сучасныя формы няволі, такія як прымусовая праца і гандаль людзьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі.

Праграма набажэнства, натхнёная евангельскім заклікам прыняць чужынца, прапануе прастору для разважанняў, памяці і надзеі. Набажэнства пабудавана як Літургія Слова і ўключае гімны, малітвы і фрагменты Святога Пісання. Уступная малітва звяртаецца да заступніцтва святой Франчэскі Кабрыні – італьянскай імігранткі і першай амерыканскай святой. Сярод літургічных тэкстаў выкарыстоўваецца кніга Другазаконня, дзе Майсей заклікае любіць чужынца, а таксама фрагмент Евангелля паводле Мацвея пра суд над народамі, дзе Хрыстус атаясамлівае Сябе з безабароннымі.

Супольнае сведчанне веры заклікае да канкрэтных дзеянняў у грамадстве.

Пасля Евангелля праграма прадугледжвае кароткія сведчанні саміх мігрантаў, а таксама зварот да адмысловага паслання епіскапату і ўрыўкаў з прамовы Марціна Лютэра Кінга "У мяне ёсць мара". Малітоўная сустрэча завяршаецца хвілінай маўчання, інтэнцыяй за спыненне сучаснага рабства, малітвай “Ойча наш” і заключным гімнам.

Такія набажэнствы могуць праходзіць у розных парафіях і пунктах уезду па ўсёй краіне.
 

03 чэрвеня 2026, 10:17