Пошук

Епіскапат ЗША ў нацыянальнага санктуарыя Марыі, Каралевы Сусвету ў Арланда Епіскапат ЗША ў нацыянальнага санктуарыя Марыі, Каралевы Сусвету ў Арланда 

Біскупы Злучаных Штатаў прысвяцілі краіну Сэрцу Езуса

Каталіцкія біскупы Злучаных Штатаў Амерыкі падчас пленарнага пасяджэння ў Арланда ўрачыста прысвяцілі краіну Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса з нагоды юбілею Незалежнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

11 чэрвеня 2026 года ў базіліцы Нацыянальнага санктуарыя Марыі, Каралевы Сусвету ў Арланда адбылося ўрачыстае прысвячэнне ЗША Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Падзея мела месца падчас вясновай пленарнай асамблеі епіскапату і была прымеркавана да 250-годдзя падпісання Дэкларацыі незалежнасці.

Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Аклахома-Сіці Пол Коклі, які з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў. У літургіі ўдзельнічалі больш за 200 біскупаў і каля 150 гасцей. У санктуарыі таксама прысутнічалі рэліквіі святой Маргарыты Марыі Алакок, якая папулярызавала гэты касцельны культ.

Епіскапат падкрэсліў, што Найсвяцейшае Сэрца Езуса з’яўляецца бачным знакам любові, а абрад прысвячэння выражае веру, надзею і прызнанне патрэбы ў Божай міласэрнасці і кіраўніцтве. Іерархі адзначылі, што прысвячэнне патрабуе пакорнага прызнання як святасці ў Касцёле, так і яго слабасцей, падзелаў і грахоў. Абнаўленне краіны адбудзецца праз вучняў, якія жывуць Евангеллем у сем’ях, парафіях і штодзённасці. "Мы прысвячаем наш народ не таму, што ён дасканалы, а таму, што ён умілаваны Богам", – сказаў арцыбіскуп Балтымора Уільям Лоры.

Прэзідэнт Дональд Трамп назваў гэтае прысвячэнне "велічным момантам у гісторыі народа" і напамінам аб тым, што Амерыкай кіраваў Бог. Ён падкрэсліў хрысціянскія карані краіны і ўклад католікаў у будаўніцтва дзяржавы. Палітык таксама спаслаўся на лідарства святога Яна Паўла ІІ і Рoнaльда Рэйгана ў знішчэнні камунізму. "Мы молімся, каб Амерыка на працягу наступных 250 гадоў заставалася краінай веры, цудаў і святлом для іншых народаў", - напісаў прэзідэнт Злучаных Штатаў.
 

13 чэрвеня 2026, 13:11