Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Завяршэнне навучальнага году ў семінарыі, працэсіі Божага Цела, клопат аб святарскіх пакліканнях – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У гродзенскай семінарыі з удзелам Апостальскага нунцыя прайшло ўрачыстае завяршэнне навучальнага года. 10 чэрвеня 2026 года Імшу ў семінарыі цэлебраваў арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа. Візіт прадстаўніка Святога Айца стаў для супольнасці семінарыі асаблівай нагодай адчуць адзінства з Паўсюдным Касцёлам і падзякаваць Богу за чарговы год фармацыі. У літургіі ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, студэнты семінарыі, яе выкладчыкі і супрацоўнікі. У прывітальным слове ардынарый заўважыў, што кожнае заканчэнне навучальнага года ў семінарыі "становіцца нагодай не толькі падвесці вынікі, але найперш убачыць, як праз штодзённыя намаганні чалавека дзейнічае Божая ласка".

Эўхарыстычныя працэсіі прайшлі ў гарадах і мястэчках Беларусі. Адна з найбольш масавых адбылася 11 чэрвеня 2026 года ў Гродне. Тут сёлета працэсія праводзілася на заканчэнне святочнай актавы. На чале з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем вялікая колькасць вернікаў прайшла вуліцамі горада з прыпынкамі ля алтароў. Працэсіі, што стала магчымасцю публічна вызнаць сваю веру, папярэднічала Імша ў катэдральным касцёле, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі.

Біскуп Пінскі заклікаў да клопату аб святарскіх пакліканнях. У сваім звароце да вернікаў дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка ўказаў на востры недахоп святароў і папрасіў аб малітве і намаганнях у справе новых пакліканняў да святарства. Паводле іерарха, "многія парафіяльныя супольнасці з багатай гісторыяй застаюцца без пастаяннай духоўнай прысутнасці і пастырства, таксама буйныя мікрараёны вялікіх гарадоў, куды мігруе насельніцтва, застаюцца без належнай духоўнай апекі ў сувязі з недахопам душпастыраў". У сувязі з гэтым біскуп Пінскі заклікаў заахвочваць і падтрымліваць тых маладых людзей, якія адчуваюць у сваім сэрцы голас паклікання да святарскага служэння, а самім хлопцам пажадаў адвагі.

Трывае запіс у пілігрымкі ў Будслаў. Яны выйдуць у Нацыянальны санктуарый з розных куткоў Беларусі. Пешае паломніцтва з Мінска вырушыць у дарогу 29 чэрвеня 2026 года і пройдзе пад дэвізам "Ідзі і адбудуй Касцёл мой". Пілігрымка працягнецца пяць дзён, адлегласць, якую пераадолеюць удзельнікі пешкі, складае 125 кіламетраў. Пілігрымку з Мінска арганізуюць ксяндзы хрыстусоўцы, якія нясуць служэнне ў сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ. Традыцыйна самая працяглая пілігрымка, якая пройдзе амаль 300 кіламетраў, выйдзе з Баранавічаў.

Віцебскі Caritas арганізаваў прагулку па Дзвіне для людзей з інваліднасцю. 7 чэрвеня 2026 года дабрачынная каталіцкая місія зладзіла прагулку па рацэ для амаль 60 асоб, сярод якіх былі людзі з інваліднасцю і іх суправаджаючыя. Таксама да мерапрыемства далучыліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў працаздольнага ўзросту пры касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, pinskdiocese.by, catholicnews.by і ўласнай інфармацыі.

13 чэрвеня 2026, 09:03