Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Свята ў Будславе, Эўхарыстычныя працэсіі, юбілей заслужанага іерарха – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Будславе праходзіць святкаванне Сусветнага дня дзіцяці. 6 чэрвеня 2026 года мерапрыемства ў Нацыянальным санктуарыі спалучана сёлета са штогадовай сустрэчай першакамунійных дзяцей з усіх дыяцэзій. У гэты ж дзень у Будславе праходзіць дзявяты і заключны дзень Агульнабеларускай навэнны, дзякуючы якой Касцёл у Беларусі рыхтуецца да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. Інтэнцыя заключнага дня навэнны – аб благаслаўленні дзяцей і моладзі.

Першыя працэсіі Божага Цела прайшлі ў гарадах Беларусі. 31 мая 2026 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Эўхарыстычныя працэсіі правялі ў Пінску і Магілёве, а непасрэдна ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста – у іншых месяцах, напрыклад у Віцебску. Тут адметнасцю стаў удзел у працэсіі вайсковага аркестру мясцовай паветрана-дэсантнай брыгады. Найбольш масавыя працэсіі Божага Цела чакаюцца ў Мінску – 7 чэрвеня і ў Гродне – 11 чэрвеня, на завяршэнне святочнай актавы.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў 45-годдзе святарства ў Гудагаі. 31 мая 2026 года ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай адзначалася адпустовая ўрачыстасць Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Імшу ў санктуарыі цэлебраваў арцыбіскуп эмэрыт. Дзеці з парафіі цёпла павіншавалі заслужанага іерарха з юбілеем 45-годдзя святарства, які ён адзначаў у гэты дзень. У малітве арцыбіскуп папрасіў Маці Божую весці людзей да Бога, каб яны былі моцнымі сваёй верай і сталі радасцю і надзеяй Касцёла і Айчыны.

Беларускія пілігрымы аб’ядналіся ў малітве з Папам. 30 мая 2026 года ў межах пілігрымкі, якую здзяйснялі вернікі навагрудскай парафіі і некаторых іншых беларускіх супольнасцяў, яны аб’ядналіся з Папам Львом XIV і ўсім Касцёлам у малітве Ружанца ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце. Да гэтай малітвы яны далучыліся ў апошні дзень сваёй пілігрымкі праз інтэрнэт-трансляцыю. Напярэдадні Святы Айцец асабіста заклікаў католікаў з усяго свету далучыцца да гэтай духоўнай падзеі. Паводле пілігрымаў, калі яны, будучы ў дарозе, зрабілі гэта, то "адчулі сябе часткай жывога Каталіцкага Касцёла, які пераўзыходзіць геаграфічныя межы".

Віцебскі "Caritas" арганізаваў фестываль мастацтва для людзей з інваліднасцю. 30 мая 2026 года ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага прайшла сустрэча, якая стала для людзей з інваліднасцю месцам святкавання дару жыцця і талентаў, атрыманых ад Бога. Сёлета ў фестывалі прынялі ўдзел 22 асобы з інваліднасцю. Асаблівую атмасферу задавалі запрошаныя госці – прафесійныя музыканты і танцоры, якія дапамаглі ўдзельнікам наладзіць святочны настрой. Свята завяршылася ўручэннем дыпломаў і падарункаў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.

06 чэрвеня 2026, 08:46