Базіліка "Саграда Фамілія" Базіліка "Саграда Фамілія" 

Наступнік Гаўдзі распавёў пра сваё навяртанне ў Барселоне

Японскі скульптар, які амаль паўстагоддзя працуе ў базіліцы "Саграда Фамілія", распавёў пра сваё навяртанне і завяршэнне галоўнай вежы храма да 100-годдзя смерці Гаўдзі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Увечары 10 чэрвеня 2026 года ў Барселоне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё вежы Езуса Хрыста – галоўнага шпіля базілікі "Саграда Фамілія", якая дзякуючы сваёй вышыні 172,5 метра робіць гэты шэдэўр архітэктуры самым высокім сакральным будынкам у свеце.

Гэтая падзея, якую ўзначаліць Леў XIV, сімвалічна супадае са 100-годдзем з дня смерці стваральніка храма Антоніа Гаўдзі. Аднак за велічнымі сценамі хаваецца гісторыя чалавека, які ператварыў будаўніцтва ў справу свайго жыцця і шлях да духоўнага навяртання.

Адкрыццё веры праз мастацтва

Мастак з Кіёта працуе на гэтай пляцоўцы з 1978 года. Прыбыўшы ў Іспанію маладым выкладчыкам мастацтва, ён быў зачараваны праектам Гаўдзі і застаўся ў каталонскім горадзе. Цяпер, у свае 73 гады, сааўтар шэдэўра прызнаецца, што базіліка стала для яго месцам, дзе заўсёды ёсць дом і мэта, якая напаўняе сэрца.

"Гэты будынак для мяне – малітва, якая робіць высакародным чалавечы дух", - падкрэслівае майстар у інтэрв’ю “Avvenire”. Доўгая праца з каменем прывяла яго да Евангелля, бо, паводле яго слоў, быць там, дзе працаваў Гаўдзі, азначала ўвайсці ў свет яго веры.

Сёння подпіс разьбяра стаіць пад больш чым пяццюстамі скульптурамі ў святыні. За сваю працу ён быў ганараваны “Прэміяй Ратцынгера” 2024 года ад Фонду Бэнэдыкта XVI, які асвяціў базіліку ў 2010 годзе.

Японскі майстар перакананы, што прыгажосць без духу не з'яўляецца мастацтвам. "У камені я адкрыў і самога сябе. Бо, як вучыць сам Гаўдзі, менавіта “Саграда Фамілія” сфарміравала Гаўдзі", - зазначае ён.

Гаўдзі навучыў нас глядзець далей за створанае ім самім

Нават праз стагоддзе з дня смерці каталонскага дойліда, чый працэс беатыфікацыі цяпер трывае, яго спадчына застаецца жывой і штогод прыцягвае да 5 мільёнаў чалавек. Наступнік вялікага майстра тлумачыць, што галоўны выклік сёння – гэта развіццё задумы генія і стварэнне новых сімвалаў, якія архітэктар не паспеў цалкам спраектаваць.

На думку скульптара, храмы не страцілі свайго значэння ў сучасным свеце. Нават калі чалавек часам бачыць галоўны цэнтр прыцягнення ў футбольных стадыёнах, менавіта ў прасторы сакральнага і малітвы людзі працягваюць шукаць адказы на пытанні пра будучыню.

Пытанне пра тое, калі Базіліка будзе канчаткова завершана, застаецца адкрытым. Майстар лічыць, што гэты працэс непарыўна звязаны з духоўнай дасканаласцю чалавека. "Базіліка мае служыць чалавеку і весці яго да Бога. Дзень, у якім чалавецтва дасягне дасканаласці, будзе днём, калі “Саграда Фамілія” будзе завершана", - падагульняе ён.
 

10 чэрвеня 2026, 09:38