Голас праўды: чаму візіт Папы ў Павію важны для моладзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Для мясцовай дыяцэзіі прыезд Наступніка Пятра – гэта сапраўдная нагода для духоўнага ўздыму. Мясцовы біскуп Карада Сангвінэці падкрэсліў, што Пантыфік прыбывае як "голас праўды", "міру" і "дабрыні", звяртаючыся з гэтым пасланнем як да вернікаў, так і да тых, хто пакуль далёкі ад Касцёла.
Святы Аўгустын, чые рэліквіі спачываюць у Павіі, перакананы іерарх, становіцца мостам паміж гісторыяй і сучаснасцю. Жыхары горада сёння адкрываюць яго для сябе па-новаму. На думку біскупа, духоўныя пошукі і "непакой" Аўгустына вельмі сугучныя з перажываннямі сённяшніх маладых людзей. Святы і яго спадчына хвалююць нават тых, хто толькі адкрывае для сябе "таямніцу дару жыцця".
20 чэрвеня 2026 года, адразу пасля прылёту ў Павію, Папа накіруецца ў Нацыянальны цэнтр адронатэрапіі, дзе сустрэнецца з дзецьмі, якія праходзяць лячэнне, іх бацькамі, а таксама медыкамі і кіраўніцтвам клінікі, а потым у мясцовы касцёл святога Пятра, каб сустрэцца з аўгустынскай супольнасцю і біскупамі Ламбардыі, і катэдру святога Стэфана для сустрэчы з дзецьмі і лацінаамерыканскай супольнасцю. Кульмінацыяй стане сустрэча з жыхарамі горада на плошчы Перамогі (piazza della Vittoria), да якіх Папа звернецца з прамовай.
Гэта будзе трэці ў гісторыі візіт Пантыфіка ў Павію, пасля Бэнэдыкта XVI 22 красавіка 2007 года і Яна Паўла II 3 лістапада 1984 года.
Завяршальным пунктам суботняга падарожжа Пантыфіка стане Сант-Анджэла-Ладзіджана, дзе нарадзілася святая Франчэска Кабрыні. Там Леў XIV узначаліць адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і звернецца са словам да вернікаў.