Касцёл Патэр Ностэр Касцёл Патэр Ностэр 

У Іерусаліме адкрылі пасля рэстаўрацыі Касцёл Патэр Ностэр

Пасля маштабнай рэстаўрацыі на Аліўнай гары ў Іерусаліме адкрыўся Касцёл Патэр Ностэр, дзе, паводле традыцыі, Хрыстус вучыў сваіх вучняў галоўнай хрысціянскай малітве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас урачыстасці, якае адбылася ў панядзелак, 1 чэрвеня 2026 года, Лацінскі Патрыярх Іерусаліма кардынал П’ербатыста Піцабала заклікаў да згоды і прымірэння на фоне насілля, што ахапіла Святую Зямлю.

Муры святыні атрымалі новае жыццё, аднак падчас гаміліі іерарх звярнуў асаблівую ўвагу на стан чалавечых сэрцаў. "Супольнасць, якая не прабачае, – гэта Касцёл у руінах, нават калі сцены новыя", - падкрэсліў Патрыярх.

Гэты гістарычны будынак узвышаецца над гротам, дзе Хрыстус пакінуў сваім паслядоўнікам малітву "Ойча наш". Гісторыя гэтага месца сягае ў глыбокую старажытнасць: яшчэ ў чацвёртым стагоддзі тут быў пабудаваны візантыйскі храм Элеона, які ў 614 годзе цалкам знішчылі персы.

Цяперашні касцельны комплекс славіцца сваімі керамічнымі табліцамі, на якіх тэкст малітвы "Ойча наш" змешчаны прыкладна на двухстах мовах, у тым ліку і на беларускай. З канца ХІХ стагоддзя гэтай тэрыторыяй кіруе Францыя, урад якой і прафінансаваў аднаўленчыя працы. На рэстаўрацыю было выдаткавана каля 1,2 мільёна еўра, а новае брукаванне дазволіла зрабіць бачнымі абрысы старажытнай базілікі.

Касцёл Патэр Ностэр з’яўляецца часткай французскай маёмасці ў Святой Зямлі. У яе спіс таксама ўваходзяць Грабніцы каралёў, касцёл святой Ганны ў старым горадзе Іерусаліма і абацтва Абу-Гош, размешчанае на захад ад Іерусаліма. Улады Францыі афіцыйна разглядаюць усе гэтыя чатыры аб’екты як уласную тэрыторыю.
 

03 чэрвеня 2026, 09:53