Пошук

Кардынал Ю Хын Сік. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Ю Хын Сік. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Рымская малітва за Карэю: мір нараджаецца з дыялогу

У Рыме з удзелам высокіх іерархаў і палітыкаў прайшла Імша за мір і паяднанне на Карэйскім паўвостраве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Базіліцы Святога Паўла па-за Мурамі 14 чэрвеня 2026 года сабраліся вернікі і высокія госці, каб прасіць аб міры на Карэйскім паўвостраве. Сярод удзельнікаў літургіі быў прэзідэнт Паўднёвай Карэі Лі Чжэ Мён.

Кардынал Ю Хын Сік падчас гаміліі заклікаў вернікаў паверыць у сілу сустрэчы. Паводле яго слоў, краіна здольная даць свету сведчанне аб тым, што "дыялог мацнейшы за канфрантацыю, паяднанне мацнейшае за нянавісць, а давер мацнейшы за страх". Разам з кіраўніком дзяржавы маліліся яго жонка Кім Хе Гён, урадавая дэлегацыя і дыпламаты.

Карэйскі паўвостраў усё яшчэ чакае выкаранення болю і даўняй варожасці

"Карэйскі паўвостраў усё яшчэ носіць раны падзелу", - адзначыў кардынал Ю Хын Сік. Ён са смуткам дадаў, што браты і сёстры да гэтага часу жывуць раз'яднана, і падкрэсліў: "Ніколі не можна адмаўляцца ад міру, з якой бы ні было прычыны". Іерарх заклікаў да сумеснай адказнасці за будаўніцтва будучыні без насілля.

Кардынал узгадаў візіт Папы Францішка ў Паўднёвую Карэю ў жніўні 2014 года. Тады Святы Айцец сустрэўся з сем'ямі ахвяр катастрофы парома "Севоль". Адказваючы пазней у самалёце на пытанне пра палітычны кантэкст свайго жэсту, Пантыфік адзначыў, што перад тварам чалавечых пакут немагчыма заставацца нейтральным. Гэтыя словы прынеслі карэйскаму грамадству глыбокае суцяшэнне і мужнасць.

Наперадзе – вялікае свята сустрэчы сусветнай моладзі

Наступным важным крокам для краіны стануць Сусветныя дні моладзі. Паўднёвая Карэя будзе прымаць 41-ы глабальны каталіцкі форум з 3 па 8 жніўня 2027 года.

Сёння ў рамках падрыхтоўкі да гэтай сустрэчы адбываюцца шматлікія мірныя ініцыятывы. Сярод іх – сумеснае стварэнне "Крыжа міру" з калючага дроту, узятага з дэмаркацыйнай лініі. Гэты сімвал закліканы нагадаць свету пра словы Хрыста: "Адвагі! Я перамог свет".
 

15 чэрвеня 2026, 10:11