У Рыме абмяркоўваюць глабальныя стандарты абароны дзяцей
Ян Глінскі
“Адзін абавязак, мноства кантэкстаў: абарона ў розных культурах” – пад такім дэвізам праходзіць сёлетняя канферэнцыя, у якой прымаюць удзел 300 чалавек з 69 краін. Удзельнікі з’яўляюцца прадстаўнікамі цэнтраў па справах абароны дзяцей і тых, хто падвяргаецца насіллю.
Чатыры дні навучання, дыялогу і супрацоўніцтва распачаліся 16 чэрвеня міжнароднай малітвай. Адкрыццё сустрэчы здзейсніў кардынал Луіс Антоніа Тагле, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.
Ніякая культура не можа апраўдаць ніводнай шкоды
На працягу першых двух дзён канферэнцыі дакладчыкі падкрэслівалі, што абарона павінна быць адаптавана да культурнага кантэксту, але ніякая культура ніколі не можа апраўдаць шкоду. Была звернута ўвага, што для функцыянавання этычных супольнасцей і арганізацый неабходныя этычныя людзі.
Удзельнікі падкрэслілі ўплыў культуры на з’яву жорсткага абыходжання, а таксама крытычна выказаліся адносна культуры індывідуалізму, якая спрыяе канкурэнцыі, вядзе да стыгматызацыі “іншых” і стварэння сацыяльных бар’ераў.
Пасіўны інстытуцыйны супраціў, культура маўчання, абарона рэпутацыі Касцёла коштам ахвяр і адсутнасць паслядоўнай фармацыі ў кансэкраваных супольнасцях – чарговыя пытанні, над якімі працавалі ўдзельнікі форуму. Была падкрэслена неабходнасць парушыць маўчанне, дзейнічаць хутка і аднавіць годнасць пацярпелых.
Удзельнікі канферэнцыі размаўлялі таксама аб ролі веры ў загойванні траўмаў (прыкладам стала Руанда), на тэму канфуцыянскага разумення бяспекі як адносін і маральнасці, а таксама аб неабходнасці этычнага выхавання. Удзельнікамі падкрэслівалася, што абарона патрабуе не толькі працэдур, але, перш за ўсё, здаровых адносін, выразных межаў і этычных людзей.
Трэці дзень мерапрыемства быў прысвечаны такім пытанням, як міжкультурная камунікацыя і адносіны з іншымі культурамі. Акцэнт рабіўся на тое, як чаканні, досвед і ўзаемаразуменне фарміруюць эфектыўныя практыкі абароны.
Міжнародная канферэнцыя па абароне (ISC) арганізавана Інстытутам антрапалогіі (IADC) Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме. У цяперашнім фармаце форум праводзіцца з 2021 года.