Біскупы краін G7: будаваць масты міру і годнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Зварот прымеркаваны да саміту G7, які пройдзе ў французскім Эвіян-ле-Бэн 15-17 чэрвеня 2026 года. Дакумент падпісалі кардыналы Жан-Марк Авелін, Тарчызіа Ісаа Кікучы і Матэа Дзупі, арцыбіскупы Пол Коклі і Рычард Мот, біскупы П’ер Гудро, Джон Кінан і Хайнер Вільмер. Іх ініцыятыву падтрымаў старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) біскуп Марыяна Крачата.
Аўтары заявы адзначаюць, што ва ўмовах узброеных канфліктаў, геапалітычнай нестабільнасці, росту няроўнасці, кліматычных выклікаў і хуткіх тэхналагічных змен асновай палітычнай і эканамічнай дзейнасці павінна заставацца годнасць кожнай чалавечай асобы. Яны падкрэсліваюць неабходнасць умацавання міжнародных інстытутаў, абароны грамадзянскага насельніцтва і ажыццяўлення асноўных праў чалавека, асабліва свабоды веравызнання і годнасці найбольш уразлівых людзей.
Чалавек як галоўны арыенцір развіцця
Іерархі заклікаюць краіны G7 паставіць чалавека ў цэнтр развіцця і міжнароднай салідарнасці, а таксама спрыяць “больш уважліваму ўзаемнаму слуханню паміж народамі”. На іх думку, міжнародная супольнасць павінна захоўваць актыўную падтрымку барацьбы з беднасцю, пашыраць доступ да адукацыі і аховы здароўя, забяспечваць харчовую бяспеку і спрыяць развіццю, якое паважае людзей і навакольнае асяроддзе. Яны таксама заклікаюць да больш цеснага міжнароднага супрацоўніцтва ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, гандлем людзьмі і незаконным гандлем, якія падсілкоўваюць гвалт і аслабляюць грамадствы.
Тэхналагічныя інавацыі
Кіраўнікі епіскапатаў звяртаюць асаблівую ўвагу на развіццё лічбавых тэхналогій і штучнага інтэлекту. Яны заяўляюць пра неабходнасць этычнага, празрыстага і дэмакратычнага кіравання гэтымі працэсамі, каб новыя тэхналогіі служылі агульнаму дабру і чалавечай асобе. Біскупы таксама заклікаюць улічваць уплыў тэхналогій на дзяцей і моладзь, а таксама на захаванне асноўных свабод.
Клімат і мігранты
Іерархі заклікаюць удзельнікаў саміту ўзяць на сябе поўную адказнасць за барацьбу са зменай клімату, падтрымліваць справядлівы экалагічны пераход і дапамагаць супольнасцям, якія найбольш пакутуюць ад наступстваў кліматычнага крызісу.
Закранаючы тэму міграцыі, каталіцкія біскупы нагадваюць, што мігранты і бежанцы пакідаюць свае дамы з-за войнаў, пераследу або экалагічных катастроф і павінны быць прынятыя з годнасцю і чалавечнасцю. Пры гэтым яны прызнаюць права і абавязак дзяржаў клапаціцца пра агульнае дабро.
Напрыканцы заявы прадстаўнікі Касцёла пацвярджаюць гатоўнасць быць побач з народамі, служыць найбольш уразлівым людзям і выкарыстоўваць свае магчымасці весці дыялог дзеля міру, справядлівасці і агульнага дабра.