Гостыі для Кубы: падтрымка ў час крызісу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Касцёл у Панаме і Пуэрта-Рыка арганізаваў аператыўную дастаўку сотняў тысяч гостый і камунікантаў на Кубу, каб падтрымаць мясцовыя дыяцэзіі і даць магчымасць працягваць літургічнае жыццё.
Панамская архідыяцэзія паведаміла аб адпраўцы 35 тысяч гостый і камунікантаў, а з Пуэрта-Рыка прыбыло яшчэ каля 300 тысяч. Гэта ініцыятыва, скаардынаваная біскупамі, стала важным сведчаннем салідарнасці ўнутры рэгіёну.
Прычынай такой акцыі стала цяжкая сацыяльна-эканамічная сітуацыя на востраве, якая востра закранула і парафіяльнае жыццё. Кляштар кармелітак, дзе традыцыйна выпякаюць гостыі і камуніканты, вымушаны быў значна скараціць вытворчасць праз пастаянныя адключэнні электрычнасці. Гэтае тэхнічнае абмежаванне прывяло да вострага недахопу літургічнага хлеба ў многіх дыяцэзіях.
Партыі гостый былі выраблены ў кляштарах Панамы і Пуэрта-Рыка і дастаўлены звычайнымі авіярэйсамі. Біскупы падкрэслілі, што Эўхарыстыя з'яўляецца "Сакрамэнтам еднасці", а гэты абмен – сімвал духоўнай сувязі паміж вернікамі розных краін.