Міжнародны касцельны форум у Рыме сабраў 400 экспертаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Рыме 29 мая 2026 года прайшла міжнародная канферэнцыя, арганізаваная фондам "Centesimus Annus Pro Pontifice". Сёлетні форум быў прысвечаны разгляду тэмы "Фрагментаваны свет у пошуках духоўнасці: свабода і плюралізм праз прызму сацыяльнага вучэння Касцёла".
Сустрэча вызначылася высокім узроўнем удзелу – у залі прысутнічалі каля чатырохсот чалавек з усіх кантынентаў, сярод якіх было шмат моладзі, навукоўцы і спецыялісты розных галін грамадскага жыцця.
Старшыня фонду Паола Гарона падкрэсліў, што шырокая геаграфія сустрэчы пацвярджае немагчымасць вырашэння сучасных крызісаў у адзіночку. "Міжнародны ўдзел, які мы зафіксавалі, даказвае, што вялікія выклікі нашага часу можна пераадолець толькі праз дыялог, узаемасувязь і сумесны ўдзел. Мы ўбачылі моцны запыт на адзінства, свабоду як супольнае дабро і агульную адказнасць", - адзначыў кіраўнік арганізацыі, дадаўшы, што такі водгук натхняе працягваць працу з яшчэ большай рашучасцю.
Падчас пасяджэнняў акрэсліліся тры ключавыя тэмы: адзінства, узаемасувязь і асабістая адказнасць. Удзельнікі падкрэслілі, што пошук праўды і поўная рэалізацыя свабоды магчымыя толькі праз сустрэчу з іншым чалавекам і салідарнасць. У гэтым кантэксце закраналася і пытанне штучнага інтэлекту, які разглядаецца як новае асяроддзе для развіцця чалавечых стасункаў і патрабуе сумеснай адказнасці.
Шырокая геаграфія форуму падштурхнула да ідэі арганізацыі асобнай азіяцкай канферэнцыі ў будучыні. Маштабная праграма сустрэч уключала таксама Генеральную асамблею, якая прайшла ў Рыме 28 мая 2026 года, а завяршэннем працы стала аўдыенцыя ўдзельнікаў форуму з Папам Львом XIV у суботу 30 мая 2026 года.