Пошук

Кардынал Вальтэр Каспер Кардынал Вальтэр Каспер  

Кардынал Каспер заклікаў тэолагаў вярнуцца да хрысталогіі

Кардынал Вальтэр Каспер у Вене прэзентаваў новую кнігу і заклікаў вярнуцца да цэнтра хрысціянскай тэалогіі – хрысталогіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас свайго візіту ў Вену нямецкі кардынал Вальтэр Каспер прадставіў кнігу "Па слядах Езуса Хрыста" (Jesus Christus auf der Spur), напісаную супольна з венскім дагматыкам Янам-Хайнерам Цюкам.

У размове з каталіцкім інфармацыйным агенцтвам "Kathpress" іерарх заўважыў, што нямецкамоўная тэалогія шмат у чым пакінула па-за ўвагай хрысталогію, залішне засяродзіўшыся на эклезіялагічных тэмах і пытаннях пасадаў. На думку кардынала, праблемы жыцця Касцёла застаюцца важнымі, аднак у цэнтры хрысціянскага адказу на чалавечы пошук надзеі і сэнсу павінен стаяць менавіта Езус Хрыстус.

Былы старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству падкрэсліў, што тэалогія не можа будавацца на пустым месцы, і сучасныя даследчыкі павінны абапірацца на вялікую спадчыну Айцоў Касцёла і сярэднявечных тэолагаў.

Адмова ад залішняй структураванасці на карысць жывой веры

Менавіта ў Германіі кардынал Вальтэр Каспер бачыць шкоднае звужэнне тэалогіі да касцельна-структурных праблем, што стала прычынай яго вострай крытыкі нямецкага "Сінадальнага шляху".

93-гадовы іерарх адзначыў, што імкненне вырашыць усе складанасці праз спробы зрабіць Касцёл больш дэмакратычным з'яўляецца памылковым. "Я не супраць супольнага прыняцця рашэнняў у Касцёле. Аднак лічыць, што Касцёл і неабходнае абнаўленне веры можна так "змайстраваць" – тэалагічна цалкам памылкова", - заявіў ён.

У сваім імкненні вярнуць хрысталогію ў цэнтр увагі кардынал адчувае поўную згоду з Львом XIV, які выказаў гэтую ж думку ў сваёй першай прамове да кардыналаў пасля абрання. Нямецкі тэолаг высока ацаніў выразную мову і выразна структураваны стыль кіравання новага Пантыфіка. Каспер адзначыў, што Леў XIV мае зусім іншы характар і выконвае сваё служэнне інакш, чым яго папярэднік Францішак. "І мушу сказаць: я задаволены гэтай зменай пры захаванні пераемнасці", - падагульніў кардынал Каспер.
 

13 чэрвеня 2026, 12:51