Біскуп Канарскіх астравоў: візіт Папы – гонар для забытых
Ян Глінскі
Біскуп Хасэ Мазуэлас, ардынарый дыяцэзіі Канарскіх астравоў, выказаў надзею, што візіт Папы заахвоціць мясцовую супольнасць быць “Касцёлам з адкрытымі дзвярыма і запаленым святлом”. У інтэрв’ю для ватыканскіх СМІ іерарх, між іншым, адзначыў, што порт Аргінегін, куды прыбывае шмат бежанцаў з Афрыкі, ператварыўся з “берагу ганьбы” ў “бераг надзеі”.
Па словах біскупа, пасля моцнай прамовы Льва XIV да парламента ў Мадрыдзе мясцовыя жыхары з вялікай надзеяй чакалі яго візіту. “Жыхары Канарскіх астравоў адчувалі сябе ў пэўнай ступені ігнараванымі ў палітыцы. Таму візіт Папы дадае ім матывацыі. Гэта народ, які прадэманстраваў вялікую маральную сілу, бо здолеў супрацьстаяць усім выклікам, звязаным з міграцыяй. Нягледзячы на тое, што яны былі велізарнымі, расізму і пагарды ніколі не было. Заўсёды была гатоўнасць прыняць іншага чалавека, глядзець мігрантам у вочы. І менавіта ў гэтым заключаецца веліч жыхароў Канарскіх астравоў, і гэта тое, што ўбачыць Папа”, - адзначыў іерарх, падкрэсліўшы пры гэтым, што папскі візіт стане гонарам для лакальнай супольнасці, забытай у палітычных колах, засяроджаных на Еўропе.
Мігранты сталі часткай мясцовай супольнасці
11 чэрвеня 2026 года Святы Айцец прыбыў на ўзбярэжжа Аргінегіна, дзе сустрэўся з мігрантамі. Па словах біскупа Мазуэласа, мігранты цяпер з’яўляюцца часткай мясцовай супольнасці. Іерарх указаў таксама на “вялікую чалавечнасць, годную захаплення”, якая праяўляецца на гэтай зямлі. Як патлумачыў ардынарый Канарскіх астравоў, Леў XIV запланаваў сустрэчу не толькі з мігрантамі, але і з рыбакамі, якіх тут называюць “анёламі мігрантаў”. Менавіта яны першымі выходзяць у мора на сваіх лодках, каб ратаваць людзей з Афрыкі.
На сёння прыток мігрантаў значна меншы, з-за ўвядзення больш жорсткіх механізмаў кантролю ў краінах іх паходжання – Маўрытаніі, Малі і Сенегале. “Але гэта часовая сітуацыя, – перакананы іерарх. – Я не ведаю, якой будзе рэальнасць заўтра, бо мігранты не зніклі. Яны застаюцца ў лагерах для бежанцаў”.