Бэнэдыктынцы распачалі падрыхтоўку да 1500-годдзя свайго ордэна
Ян Глінскі
Святкаванню юбілея, які пройдзе пад дэвізам “Месцы надзеі ад 529 года”, будзе папярэднічаць трохгадовая падрыхтоўка і чатыры этапы са сваімі тэмамі: “Абуджэнне”, “Усведамленне”, “Рост” і “Росквіт”. Мэта арганізатараў – заглыбіцца ў гісторыю бэнэдыктынскага ордэна, адначасова даследуючы яго значэнне для будучыні, якое выходзіць далёка за межы самога ордэна.
Распачалася падрыхтоўка ў красавіку 2026 года ў Норчыі, месцы нараджэння Бэнэдыкта і яго сястры Схаластыкі. У 2027 годзе ўвага будзе сканцэнтравана на Рыме, у 2028 годзе – на Субіяка, а ў 2029 годзе – на Монтэ-Касіна.
Вытокі ордэну бэнэдыктынцаў
Абат прымас айцец Ераміяс Шродэр у інтэрв’ю Vatican News нагадаў, што абацтва Монтэ-Касіна было заснавана ў перыяд хваляванняў у Еўропе, у “вельмі бурную і жорсткую эпоху”. “Мы эўфемістычна называем яе “Вялікай міграцыяй”, калі ўпала Рымская імперыя, а германскія народы перавярнулі і змянілі ўсё ў Еўропе, – патлумачыў айцец Шродэр. – Менавіта ў гэтую эпоху ў невялікім мястэчку на поўдні Італіі нарадзіўся лад жыцця, які цалкам змяніў Еўропу ў хрысціянскім сэнсе”. На гэты аспект указаў у 1964 годзе Папа Павел VI падчас асвячэння адноўленага Монтэ-Касіна, разбуранага ў гады Другой сусветнай вайны. “Тады ён абвясціў святога Бэнэдыкта галоўным заступнікам Еўропы”, – дадаў манах.
Роля манастыроў для Касцёла і свету
“Мы хацелі б звярнуць асаблівую ўвагу на манастыры”, – падкрэсліў абат, які бачыць відавочныя падабенствы паміж VI стагоддзем, калі быў заснаваны Монтэ-Касіна з яго велізарным уплывам, і сучаснасцю. “У рэшце рэшт, мы зноў жывем у пераходны перыяд, – адзначыў абат. – Нас натхняе той факт, што Монтэ-Касіна і бэнэдыктынскі лад жыцця сталі сапраўдным якарам, апорай стабільнасці, і што ў гэтых манастырах узніклі месцы надзеі для свету”.
Юбілей стаў для бэнэдыктынцаў, між іншым, нагодай, каб задумацца над значэннем свайго ладу жыцця ў будучыні. “Якую ролю будуць адыгрываць манастыры для Касцёла і свету? Мы жывем у часы неверагоднай страты даверу, – адзначыў айцец Шродэр. – Нашы манастыры – гэта месцы, дзе можна па-сапраўднаму зведаць хрысціянскае жыццё, а таксама ўдзельнічаць у ім. Мы хочам запрасіць як мага больш людзей, каб у межах гадавіны наведалі манастыры і зблізку, праз непасрэднае назіранне і сумеснае жыццё пазналі і ацанілі гэты лад жыцця”.
У юбілейным – 2029 годзе – Сусветная канферэнцыя бэнэдыктынцаў збярэцца, каб адзначыць жывую традыцыю, паразважаць над яе сучасным станам і з надзеяй глядзець у будучыню.
У межах падрыхоўкі да юбілею бэнэдыктынцы запусцілі шматмоўны сайт, на якім прадстаўлены бэнэдыктынскія супольнасці і рухі ў розных краінах. На сайце таксама каардынуюцца мерапрыемствы і злучаюцца манастыры, пілігрымы і зацікаўленыя асобы.