Бялград: сустрэча генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сустрэча адкрылася 14 чэрвеня Святой Імшой у катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Бялграда і намеснік старшыні CCEE, кардынал Ладзіслаў Нэмет.
Афіцыйныя пасяджэнні пачаліся 15 чэрвеня са зваротаў кардынала Нэмета, апостальскага нунцыя ў Сербіі арцыбіскупа Санта Рока Ганджэмі, а таксама старшыні CCEE арцыбіскупа Віленскага Гінтараса Грушаса.
Затым біскуп Мірка Штэфковіч, генеральны сакратар Міжнароднай біскупскай канферэнцыі святых Кірылы і Мятода, выступіў з дакладам пра Касцёл у Сербіі. Генеральны сакратар CCEE ксёндз Антоніа Аміраці прадставіў новапрызначаных генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў.
Першую рабочую сесію адкрыў рэктар Папскага Латэранскага ўніверсітэта арцыбіскуп Альфонса Амарантэ, які выступіў з дакладам пра прыгажосць святарства на службе складанаму свету. Затым удзельнікі абмяркоўвалі вопыт і выклікі, звязаныя з святарскім служэннем у розных краінах Еўропы.
16 чэрвеня быў прысвечаны тэме паклікання да святарства і інтэгральнай фармацыі. Псіхолаг і псіхатэрапеўт К'яра Д’Урбана прапанавала разважанні пра псіхаафектыўную фармацыю святароў з перспектывы гуманітарных навук. Пасля гэтага ксёндз Мікеле Джанола, сакратар секцыі пакліканняў CCEE, выступіў з дакладам на тэму “Святарскае служэнне: працяглы шлях фармацыі”.
Апошні дзень сустрэчы быў прысвечаны справаздачам сакратароў камісій CCEE. Прадстаўнікі розных секцый – моладзевай, сацыяльнага душпастырства, евангелізацыі і культуры – паведамілі пра асноўныя ініцыятывы і праекты, рэалізаваныя за мінулы год. Таксама быў прадстаўлены агляд дзейнасці Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE).
Удзельнікі абмеркавалі пытанні развіцця сінадальнасці ў мясцовых Касцёлах, выказалі салідарнасць з украінскім народам у сувязі з гібеллю мірных жыхароў і пашкоджання Кіева-Пячэрскай лаўры, абнавіўшы заклік да бяззбройнага міру.
Праграма ўключала таксама малітву, літургічныя цэлебрацыі і знаёмства з духоўнай спадчынай Бялграда.
Наступная сустрэча генеральных сакратароў Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы адбудзецца ў Сараева 13-16 чэрвеня 2027 года.