Пошук

Падчас пленарнай асамблеі епіскапату ЗША. Архіўнае фота Падчас пленарнай асамблеі епіскапату ЗША. Архіўнае фота 

Першая прамова новага нунцыя перад епіскапатам Злучаных Штатаў

Новы Апостальскі нунцый у Злучаных Штатах Амерыкі арцыбіскуп Габрыэле Кача звярнуўся да біскупаў краіны падчас іх пленарнай сустрэчы ў горадзе Арланда.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

10 чэрвеня 2026 года ў комплексе "Omni Resort at ChampionsGate" непадалёк ад Арланда пачалася сесія Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў. Са сваім першым інаўгурацыйным зваротам перад іерархамі выступіў новы апостальскі нунцый, які запэўніў у гатоўнасці служыць справе еднасці і міру.

Арцыбіскуп Габрыэле Кача, прызначаны на пасаду папскага прадстаўніка ў ЗША ў сакавіку 2026 года, раней служыў пастаянным назіральнікам Святога Пасада пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

У сваёй прамове іерарх закрануў балючыя тэмы найноўшай гісторыі мясцовага Касцёла, у прыватнасці, пакут, выкліканых выпадкамі злоўжыванняў. Іерарх назваў абранне Папы Льва IV "дарам Духа Святога", які заахвочвае з рашучасцю змагацца з гэтымі ранамі і адначасова развіваць усё лепшае ў амерыканскай каталіцкай традыцыі.

Нагадваючы словы Другога Ватыканскага Сабора, дыпламат падкрэсліў, што Касцёл заўсёды мае патрэбу ў ачышчэнні і супольнай працы дзеля абнаўлення, каб яго сведчанне было вартым даверу.

Важным духоўным цэнтрам сустрэчы стане афіцыйнае прысвячэнне Касцёла ў Злучаных Штатах Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, запланаванае на 11 чэрвеня 2026 года ў базіліцы Нацыянальнага санктуарыя Марыі, Каралевы Сусвету. Прадстаўнік Папы заклікаў іерархаў быць будаўнікамі міру, які, паводле слоў Льва XIV, з’яўляецца "бяззбройным і абяззбройваючым, пакорным і трывалым". Ён дадаў, што ад Сэрца Хрыста Касцёл вучыцца ісціне пра чалавечае сэрца, яго годнасць і патрэбу ў еднасці.

Асобную ўвагу апостальскі нунцый у ЗША звярнуў на місію Хрыстовых вучняў у сучасным свеце. Ён нагадаў, што гісторыя Касцёла ў Злучаных Штатах будавалася місіянерамі з іншых краін, і заклікаў біскупаў працягваць сустракаць мігрантаў з хрысціянскай любоўю, прызнаючы іх годнасць і дапамагаючы знайсці сваё месца ў грамадстве.

Напрыканцы сустрэчы арцыбіскуп Кача падарыў кожнаму біскупу кішэннае выданне дзвюх дагматычных канстытуцый Другога Ватыканскага Сабора: "Lumen Gentium" і "Dei Verbum", падкрэсліўшы важнасць захавання жывой касцельнай традыцыі.
 

11 чэрвеня 2026, 10:29