Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Юбілей біскупа, новы касцёл, сустрэча святароў, кангрэс кармелітаў босых – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News.

Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News

У гродзенскай катэдры памаліліся за першага біскупа дыяцэзіі. 30 мая 2026 года адбылася святая Імша падзякі за дар жыцця і атрыманыя ласкі з нагоды 50-годдзя святарскага і 35-годдзя біскупскага пасвячэння біскупа-эмерыта Аляксандра Кашкевіча. Да супольнай малітвы за юбіляра запрасілі духавенства, вернікаў і гасцей дыяцэзіі, правялі прэзентацыю біяграфіі іерарха і біяграфічнай кнігі, пасля чаго адбылася святая Імша.

Апостальскі нунцый у Беларусі ўпершыню ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Гэта адбылося 24 мая 2026 года ў парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Арцыбіскуп Іньяцыё Чэфаліа ўзначаліў Эўхарыстыю, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 63 вернікам. Падчас гаміліі ён падкрэсліў, што свята Пяцідзясятніцы "вяртае нас да самага сэрца нашай веры", "гэта падзея, якая працягвае аднаўляцца, бо Дух не належыць мінуламу: Ён – жывая прысутнасць, дыханне, сіла, якая падтрымлівае і перамяняе, напаўняе супакоем". Прадстаўнік Папы адзначыў, што ў гэты дзень ён упершыню ў сваім жыцці ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі, таму маладзечанская парафія назаўсёды застанецца ў яго сэрцы.

У Гродне з удзелам пяці біскупаў асвечаны новы касцёл. 24 мая 20206 года ў мікрараёне Альшанка адбылося асвячэнне касцёла Святога Духа. Святыня пабудавана з чырвонай цэглы ў класічным стылі, у форме крыжа, звонку ўпрыгожаны рэльефнымі выявамі, каля яго знаходзіцца аднапавярховы парафіяльны дом. У падзеі ўдзельнічалі пяцёра беларускіх каталіцкіх іерархаў. Абрад асвячэння здзейсніў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, гамілію прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ён заклікаў парафіян заўсёды адчуваць адказнасць за сваю святыню і за Касцёл, якім кіруе Святы Дух, чый тытул носіць гэтая парафія і чыя ўрачыстасць адзначалася ў гэты дзень.

Капітулярны кангрэс кармелітаў босых у Беларусі прайшоў у Мядзелі. 28 мая 2026 года сустрэча завяршылася выбарамі дарадчыкаў Вікарыяту і настаяцеляў кляштараў, супольнай малітвай. У склад Рады былі выбраны айцец Юрый Кулай і айцец Павел Герман. Напярэдадні абралі новага Рэгіянальнага вікарыя – ім стаў айцец Генрых Валэйка. Новы вікарый нарадзіўся ў Гудагаі, скончыў духоўную семінарыю ў Пінску і семінарыю кармелітаў босых у Познані. Апошнім часам ён служыў настаяцелям супольнасці ў Мядзелі.

У Валожыне прайшла пастырская сустрэча для святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 28 мая 2026 года ў мясцовай парафіі святога Юзафа сабралося духавенства архідыяцэзіі з абедзвюх яе частак. На пачатку святой Імшы, якую ўзначаліў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, сабраныя ўзнеслі малітву за ўсіх святароў, у тым ліку тых, хто не змог з розных прычынаў прысутнічаць. Гамілію прамовіў кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе ксёндз Аляксей Раманчук. У сваёй прамове ён засяродзіўся на тэме святарства Езуса, сакрамэнтальнага святарства і ўсеагульнага святарства вернікаў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

30 мая 2026, 09:39